Беларуская Служба

М. Маравецкі: «Мы павінны падрыхтавацца прымаць параненых і ўцекачоў з Украіны»

02.02.2022 13:50
Пасля сустрэчы са сваім візаві ў Кіеве прэм'ер адзначыў, што Польшча дапаможа абараніць Украіну, але таксама рыхтуе дапамогу для магчымых уцекачоў.
Аўдыё
  • Польшча-Украіна-Вялікабрытанія
-    .  ()  .
Прэм'ер-міністры Польшчы і Украіны М. Маравецкі (злева) і Д. Шмыгальфота: PAP/Leszek Szymański

Польшча, Украіна і Вялікабрытанія рыхтуюць новы фармат рэгіянальнага супрацоўніцтва. Аб гэтым, у прыватнасці, ішла гаворка падчас перамоў у Кіеве прэм’ер-міністраў Украіны ды Польшчы Дзяніса Шмыгаля ды Матэвуша Маравецкага.

Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што ў апошнія месяцы міністры замежных спраў трох краін распрацоўвалі новыя напрамкі супрацы. Паводле словаў прэм'ера Маравецкага, гэта важна ў кантэксце бяспекі.

- Вялікабрытанія з’яўляецца адным з важнейшым членаў НАТА, пры гэтым Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага Саюзу. Для нас яна – важнейшы гандлёвы парнтёр, з якім мы вельмі блізка супрацоўнічаем. Я часта звязваюся з прэм’ер-міністрам дзяржавы, размаўляем на розныя тэмы. Нашы міністры замежных спраў працуюць над новым фарматам, які мог бы развіць супрацу ў розных галінах паміж Польшчай, Украінай і Вялікабрытаніяй.

У сваю чаргу прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль выказаў надзею, што ў бліжэйшы час можна будзе афіцыйна запусціць новы рэгіянальны фармат супрацы. «Неабходна заключыць дамову аб супрацы па ўмацаванні бяспекі», – сказаў кіраўнік украінскага ўраду.

- Я спадзяюся, што ў бліжэйшым часе нам удасца афіцыйна распачаць новы фармат рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Украінай, Польшчай ды Вялікабрытаніяй. У кантэксце расійскай агрэсіі, мы павінны падпісаць трохбаковы дакумент аб супрацоўніцтве па ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі.

Ён таксама згадаў стаўленне Германіі да сітуацыі на ўсходзе Еўропы, якое не заўсёды спрыяе максімальнаму стрымліванню імперскіх памкненняў Расіі. Украіна чакае ад Германіі адказнасці ў сферы энергетыкі і бяспекі, нельга дасягаць эканамічную карысць коштам бяспекі, у тым ліку праз будаўніцтва газаправоду Паўночны паток-2, – адзначыў Дзяніс Шмыгаль.

- Мы лічым Паўночны паток-2 гібрыднай энергетычнай зброяй Расіі і як звычайна заклікаем увесь цывілізаваны свет, заклікаем нашых нямецкіх партнёраў скарыстацца ўсімі магчымымі захадамі, каб Расія не змагла выкарыстоўваць гэтую гібрыдную зброю супраць Украіны, супраць Польшчы, супраць Еўрапейскага Саюзу.

Дзяніс Шмыгаль падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з Матэвушам Маравецкім заявіў, што з улікам 8 гадоў агрэсіі з боку Расіі і пагрозы яе эскалацыі Украіна чакае адказнай пазіцыі сваіх нямецкіх партнёраў. Ён таксама выказаў жаданне заключыць новае трохбаковае пагадненне паміж яго краінай, Польшчай і Вялікабрытаніяй. Ён падзякаваў Польшчы за падтрымку, аказаную яго краіне, і за тое, што яна стаіць на баку ўкраінскай свабоды і суверэнітэту. Дзяніс Шмыгаль нагадаў, што ваеннае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі стала ўжо фактам. У Любліне дзейнічае камандаванне ўкраінска-польска-літоўскай брыгады, дзе ўкраінскія салдаты могуць назіраць, як на практыцы выглядаюць стандарты НАТА.

- Узброеныя сілы Украіны дзейнічаюць разам з польскімі і літоўскімі ў складзе літоўска-польска-украінскай брыгады, дзякуючы якой мы набліжаемся да выканання стандартаў НАТА. Я перакананы, што ў бліжэйшы час мы зможам заявіць аб далейшым паглыбленні гэтай супрацы, пра што мы таксама размаўлялі сёння падчас сустрэчы.

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што польскі ўрад рыхтуе дапамогу для магчымых параненых і ўцекачоў з Украіны ў выпадку расійскага ўварвання. Пасля сустрэчы са сваім візаві ў Кіеве Маравецкі адзначыў, што Польшча дапаможа абараніць Украіну, але таксама рыхтуе дапамогу для магчымых уцекачоў.

- Трэба падрыхтавацца да найгоршага – гэта патэнцыйная дапамога параненым. Спадзяемся, што яна не будзе патрэбная. Гэта таксама дапамога ў выпадку неабходнасці эвакуацыі часткі насельніцтва. Аднак першым, базавым сцэнаром з’яўляецца абарона ўкраінскай дзяржавы ад нападзення, якое, спадзяюся, не адбудзецца.

Неўзабаве ва Украіну будуць дастаўлены 38 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай з Польшчы. Урад Польшчы вырашыў накіраваць абсталяванне, неабходнае для стварэння лагераў бежанцаў.

На пытанне, ці мае намер Польшча пабудаваць агароджу на мяжы з Украінай, па прыкладзе плоту на польска-беларускай мяжы, кіраўнік ураду адказаў, што такой неабходнасці няма.

- Сёння нашы памежнікі – памежная варта Польшчы і памежная варта Украіны – выконваюць свае заданні дакладна так, як павінны. У сувязі з гэтым я не бачу неабходнасці, каб будаваць такую вялізную агароджу, будаўніцтва якой мы пачынаем на мяжы з Беларуссю.

Падчас аднадзённага візіту польскага прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага ў Кіеў і яго перамоваў з украінскімі калегамі, закраналіся таксама пытанні эканомікі, энергетыкі і інфраструктуры. Кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль паведаміў, у прыватнасці, пра пачатак перамоваў, накіраваных на пуск раней заблакаванага чыгуначнага транзіту з Украіны ў Польшчу.

IAR PR/нг