Германіі і Ізраілю цяжка адмовіцца ад усталяваных прынцыпаў у знешняй палітыцы, што адлюстроўваецца ў спробах як мага даўжэй балансаваць у дачыненні да расійска-ўкраінскага канфікту. Такое стаўленне вынікае, як з традыцыяў, так і інтарэсаў абедзвюх краінаў і перашкаджае будаваць адзіны і эфектыўны міжнародны фронт супраць расійскага агрэсара.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што адпаведным месцам для працягу ўкраінска-расійскіх мірных перамоваў мог бы стаць Ерусалім. У нядзелю ўкраінскі лідар выступіў з кранальным відэазваротам перад Кнэсетам, то бок ізраільскім парламентам. «Можна быць пасярэднікам паміж дзяржавамі, а не паміж дабром і злом. Ізраіль павінен выбраць, ці ён падтрымлівае Украіну ці Расію», – заявіў прэзідэнт Украіны. У сваёй кароткай, але, як адзначаюць многія каментатары, яркай прамове ўкраінскі лідар спрабаваў пераканаць ізраільскіх дэпутатаў падтрымаць Украіну. Зяленскі таксама нагадаў, пра нядаўні расійскі ракетны ўдар па Бабіным Яры– месцы гібелі 30 тысяч габрэяў у 1941 годзе. Раней лідар Украіны ў падобным тоне звяртаўся да членаў Бундэстагу- парламенту Германіі.
Ці такі зварот сапраўды можа паўплываць на стаўленне ізраільскіх і нямецкіх палітыкаў, з гэтым пытаннем мы звяртаемся да Уладзіслава Тэафіла Барташэўскага(Władysław Teofil Bartoszewski) дэпутата Польскай сялянскай партыі:
- Абодва выступы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага былі выдатныя. Зварот да нямецкіх палітыкаў часткова спрацаваў, паколькі Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі запатрабаваў дэбатаў па Украіне. Грамадства таксама крыху мабілізуе нямецкіх палітыкаў. Нагадваю, у Берліне на вуліцы выйшлі 300 тысяч чалавек, каб заахвоціць кіроўную Сацыял-дэмакратычную партыю Германіі да дзеяння.
Таму, паводле Уладзіслава Тэафіла Барташэўскага, у выпадку Германіі ёсць надзея. Аднак у выпадку Ізраілю, сітуацыя выглядае крыху інакш, лічыць дэпутат:
- Ізраіль мае свае інтарэсы з Расіяй на Блізкім Усходзе. Расія дазваляе Ізраілю змагацца з тэрарыстамі ў Сірыі – не збівае іхных самалётаў над Сірыяй пры ўмове, што яны не атакуюць расійскіх аб’ектаў. У Ізраілю таксама вельмі вялікі электарат з Расі. Адзін з былых дэпутатаў камуністычнай партыі Ізраілю нават паўтараў расійскую прапаганду, атакуючы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Аднак я думаю, што ў Ізраілю таксама неўзабаве ацверазеюць. Таму, што цяжка выступаць супраць палітыкі ЗША, без якой Ізраіль не мог бы, на самой справе, функцыянаваць. Нягледзячы на тое, што Ізраіль мае выдатную армію, то яго бяспеку ўсё ж гарантуюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Тым часам ЗША вельмі выразна выказаліся, што ў згаданым канфлікце, яны на баку Украіны.
Палітык нагадаў, што гэта беспрэцэдэнтная справа, калі цягам аднаго месяца Польшчу наведваюць, міністр абароны, дзяржсакратар, віцэ-прэзідэнт і прэзідэнт ЗША. Гэта таму, што Польшча апынулася «на фронце» гэтай вайны. ЗША пастаўляюць зброю. Польшча, краіны Балтыі, Вялікабрытанія дапамагаюць, як могуць, нагадвае палітык:
- Тым часам у Ізраілю не хочуць зразумець, што 24 лютага свет памяняўся. Ім непрыемна слухаць, калі прэзідэнт Украіны нагадвае пра Галакост і звяртае ўвагу, што зараз адбываецца генацыд украінскай нацыі. Расійскі танк, які абстрэльвае дом для пажылых людзей – гэта прыклад ваенных злачынстваў, пра якія ўсе ўжо кажуць адкрыта. У Валікабрытаніі нават узнікла ідэя паўтарыць Нюрнбергскія працэсы. Гаворка ідзе пра тое, што Міжнародны крымінальны суд падпадаркаваны Савету Бяспекі ААН, у якім Расія мае права вета. Таму ўзнікла ідэя склікаць асобны суд, перад які можна будзе прыцягнуць Уладзіміра Пуціна.
Тым часам канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў наўпрост, што нельга абвінавачваць грамадзян Расіі, паколькі гэта вайна Пуціна. Аднак вядома, што значная частка расійскага грамадства падтрымлівае вайну ва Украіне. Дарэчы, гаворка не ідзе выключна пра людзей індактрынаваных расійскай прапагандай. Частка грамадзян Расіі ганарыцца тым, што Пуцін адбудоўвае расійскую імперыю:
- Гэта факт, што вайна ва Украіне карыстаецца падтрымкай часткі расійскага грамадства. Амаль ніхто ў Расіі не падтрымлівае незалежнай, самастойнай і адарванай ад Расіі Украіны. Гэта ў Расіі агульны падыход, нават у гэтак званых дэмакратычных асяроддзях. Таму расійцы нясуць адказнасць за гэты канфлікт. У сваю чаргу Германіі здавён здаецца, што яна лепш разумее Расію, чым, напрыклад, Польшча, Фінляндыя, Літва ці Латвія. Немцам здаецца, што «берлінская сцяна» была разбураная ў выніку іхнай «усходняй палітыкі», а не дзеянняў ЗША, якія прычыніліся да аслаблення Савецкага Саюза. Яны памыляюцца. Аднак немцы – адзін з найбуйнейшых імпарцёраў расійскай нафты. Гэта трэба скараціць, каб абрэзаць фінансаванне расійскіх узброеных дзеянняў ва Украіне і ў любым іншым месцы. Пуцін зараз з’яўляецца ваенным злачынцам, які павінен быць асуджаны. Нельга размаўляць з такім чалавекам, спадзеючыся нейкі кампраміс. Гэта непрымальнае. Польшча павінна пастаянна падымаць гэтае пытанне ў Бруселі і ЗША. На шчасце, у Вашынгтоне гэта разумеюць.
-лічыць дэпутат ад Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.
Нагадваем, у мінулую сераду прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што лічыць расійскага лідара Уладзіміра Пуціна ваенным злачынцам. Гэта першыя такія словы, якія прагучалі з вуснаў высокіх прадстаўнікоў ЗША. Заяву кіраўніка амерыканскай дзяржавы пракаментавалі ў Крамлі. Прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў назваў словы Джо Байдэна «непрымальнай і недаравальнай рыторыкай».
PR24/аз