Беларуская Служба

Афіцэр польскага войска: Цяпер на мяжы з Беларуссю знаходзіцца менш за 10 тысяч салдат

10.05.2022 17:03
Лукашэнка падчас свайго выступу 9 мая заявіў, што да беларускай мяжы NATO падцягнула ў Літве і Польшчы 40 тысяч салдат.
Аўдыё
  • Падпалкоўнік Марцэль Падгарадэцкі, які патлумачыў, што Польшча і NATO не плануюць захопу Беларусі
Палігон Драўска ПаморскеAutorstwa SFJZ13 - Ex STEADFAST JAZZUploaded by GiW, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=29561230

Беларусаў пужаюць нападам Польшчы на Беларусь. У сеціве падмацоўваюць гэтае меркаванне інфармацыяй пра ваенныя вучэнні NATO, якія цяпер праходзяць у Польшчы.

Лукашэнка падчас свайго выступу 9 мая заявіў, што да беларускай мяжы NATO падцягнула ў Літве і Польшчы 40 тысяч салдат.

 - NATO... гэта ж махіна. Але не трэба забываць, што за намі Расія – ядзерная дзяржава. У нас ёсць адпаведная дамова. І, калі шчыра казаць, то гэтую тэму мы ў апошні час абмяркоўваем даволі часта з прэзідэнтам Расіі. А па-другое, немагчыма перамагчы народ, які ваюе на сваёй зямлі, за сваю тэрыторыю і за сваіх дзяцей. Не-маг-чы-ма.

Інфармацыю пра 40 тысяч салдат NATO недалёка ад межаў Беларусі зняпраўдзіў падпалкоўнік Марцэль Падгарадэцкі (ppłk Marcel Podhorodecki), намеснік прэс-сакратара Камандуючага ўзброенымі сіламі РП. Ён пацвердзіў, што ў Польшчы праходзяць цяпер вучэнні NATO Defender Europe 22. Агулам у іх прымае ўдзел 18 тысяч вайскоўцаў NATO аднак вучэнні не з'яўляюцца адказам на геапалітычную сітуацыю. Манеўры былі запланаваныя яшчэ ў 2021 годзе.


Падпалкоўнік Марцэль Падгарадэцкі, намеснік прэс-сакратара Камандуючага роду ўзброеных сіл. Падпалкоўнік Марцэль Падгарадэцкі, намеснік прэс-сакратара Камандуючага ўзброеных сіл РП

 - У вучэннях Defender Europe 22 на тэрыторыі Польшчы прымаюць удзел агулам 7 тысяч салдат і кала 3 тысяч адзінак ваеннай тэхнікі. Гэтыя салдаты не знаходзяцца на мяжы з Беларуссю. Салдаты перамяшчаюцца па тэрыторыі Польшчы. Галоўнай мэтай вучэнняў зʼяўляюцца далёкія перамяшчэнні вайскоўцаў і тэхнікі, пераадоленне шырокіх водных перашкод. На мяжы з Беларуссю знаходзяцца салдаты, якія ахоўваюць мяжу ў сувязі з сітуацыяй, якую стварылі беларускія ўлады з нелегальнымі мігрантамі. Цяпер на мяжы з Беларуссю знаходзіцца менш за 10 тысяч салдат.

Вученні Defender Europe 22 адбываюцца на трох палігонах. Гэтая інфармацыя даступная на сайце wojsko-polskie.pl

 - Tак, манеўры адбываюцца на трох палігонах: у Жагань (Żagań), Драўска-Паморскім (Drawsko Pomorskie) у заходняй частцы Польшчы, а неўзабаве пачнуцца тактычныя заняткі ў Жагані ў паўночна-ўсходнай Польшчы на палігоне ў Бэмова-Піске (Bemowo Piskie).

Бэмова-Піске знаходзіцца ў 150 кіламетрах ад Гродна. Ці для арміі гэта далёка?

- Так. Гэта далёка для войска. Я хачу адзначыць, што жаўнеры падзеленыя на тры палігоны. Гэта не так, што 7 тысяч салдат, якія прымаюць удзел у Defender у Польшчы, будуць знаходзіцца ў Бэмова Піске. Салдаты падзеленыя на розныя палігоны і на тых палігонах праходзяць вучэнні. Акрамя гэтага, яны перамяшчаюцца па ўсёй краіны. Калоны ваеннай тэхнікі можна сустрэць на дарогах, але мы пра гэта папярэджвалі яшчэ перад пачаткам вучэнняў. Жыхары Польшчы ведаюць, што гэта вучэнні Defender Europe, што тэхніка і салдаты будуць перамяшчацца, бо гэта адна з задач вучэнняў. Я нагадаю, што вучэнні былі запланаваныя яшчэ ў 2021 годзе, то бок да пачатку канфлікту ва Украіне, таму манеўры не маюць ніякага дачынення да геапалітычнай сітуацыі.

У вучэннях удзельнічаюць усе віды ўзброеных сіл: і сухапутныя войскі і паветраныя сілы. Беларусы, якія чуюць па дзяржаўным тэлебачанні, чытаюць у Інтэрнэце, атрымліваюць ад кіраўніцтва дзяржавы інфармацыю, што ў Польшчы пачалі ваенныя вучэнні ды яшчэ каля мяжы з Беларуссю, маюць нагоду для апасенняў? Як іх можна супакоіць?

- Беларусам няма чаго баяцца манеўраў, таму што гэтыя вучэнні ладзяцца цыклічна ў нашай краіне. Таксама палякі заўсёды згодна жылі з беларускім насельніцтвам. Цяпер па ўсёй Польшчы жыве многа беларусаў, якія працуюць з палякамі, у нас няма канфліктаў. Паміж намі ніколі не было варожасці. На жаль, ад часу як пачаўся міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, беларускія ўлады вядуць дэзынфармацыю свайго ўласнага народу, запалохваюць іх, падаючы хлуслівую інфармацыю. Гэта іх метад. А мы адкрыта кажам пра нашыя вучэнні, пра тое колькі ваенных у іх удзельнічае, не хаваем і не ўводзім у зман. Віна на баку беларускіх уладаў, якія ўжо доўгі час выкарыстоўваюць дэзынфармацыю. Мы пра гэта ведаем.

За апошнія дні і яшчэ раней Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў прыгадваў, што Польшча плануе захапіць Заходнюю Беларусь, каб было як да 1939 г.

 - Гэта таксама фейкнюс. Гэта дэзынфармацыйная машына, якую запусцілі беларускія ўлады. Ніхто не плануе захопу Беларусі. Саюзніцкія арміі і партнёры NATO знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы таму, што мы разам праводзім вучэнні, якія былі даўно запланаваныя. І гэта не мае ніякай сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне і ў Беларусі.

Нашым суразмоўцам быў намеснік прэс-сакратара Камандуючага ўзброенымі сіламі РП, падпалкоўнік Марцэль Падгарадэцкі, які патлумачыў, што Польшча і NATO не плануюць захопу Беларусі, а войскі Альянсу ў колькасці 7 тысяч чалавек, знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы для ўдзелу ў вайсковых вучэннях Defender Europe 22. Манеўры працягнуцца да 27 мая 2022 г.

 Гутарыла Яланта Смялоўская