Беларуская Служба

Польшча хоча, каб Міжнародны суд заняўся справай Катынскага злачынства

11.05.2022 11:55
Паводле польскага боку, гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і супраціву расійскай прапагандзе, якая імкнецца да скажэння гісторыі.
Аўдыё
  • Польшча хоча, каб Міжнародны суд заняўся справай Катынскага злачынства
    -  1943
Брацкая магіла польскіх афіцэраў - эксгумацыя 1943 годAutorstwa Nieznany - "Zbrodnia katyńska w świetle dokumentów / z przedm. Władysława Andersa", Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3260890

Польшча мае права патрабаваць у Расіі кампенсацыі за Катынскае злачынства, лічыць прэзідэнт Анджэй Дуда. Кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў, што адказнасць за згаданае злачынства нясе апарат савецкай улады. Аднак, паколькі цяперашнія расійскія ўлады лічыцца прадаўжальнікам савецкай улады, то і цяперашнюю Расію можна назваць спадчынніцай Савецкага Саюза.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што цяпер увесь свет убачыў сапраўднае аблічча Расіі:

- З прыкрасцю трэба сцвердзіць, што Расія і расіяне паказалі свой сапраўдны твар. Твар, які бачылі ахвяры, забітыя ў Катыні. Сёння той жа твар бачаць нявінныя, мірныя жыхары Украіны, якіх з жорсткасцю забіваюць расійскія жаўнеры. Гэта бачыць увесь свет.

Таму, паводле кіраўніка польскай дзяржавы, гэта адпаведны час звярнуцца да міжнародных прававых інстытутаў па справе Катынскай разні:

- Гаворка ідзе пра тое, каб нягледзячы на паразу, якая адбылася некалькі гадоў таму, мы яшчэ раз спрабавалі дабіцца падтрымкі міжнародных прававых інстытутаў, каб пацвердзіць факт згаданага злачынства і афіцыйна назваць ейнага здзяйсняльніка.

Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама падкрэсліў, што забытыя, беспакараныя ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ствараюць пачуццё беспакаранасці ў вінаватых, даюць згоду іх пераемнікам і паслядоўнікам на здзяйсненне падобных злачынстваў у будучыні. Анджэй Дуда таксама нагадаў пра маштабныя дзеянні расійскай прапаганды, якая імкнецца да да скажэння гісторыі.

Пра магчымасць прадпрыняцця міжнародных крокаў з мэтай асуджэння Катынскага злачынства прэзідэнт Дуда ўпершыню паведаміў 10 красавіка бягучага года, то бок у 12-ю гадавіну авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам.

Пытанне аб перадачы ў Міжнародны суд пазову па справе Катынскага злачынства, здзейсненага больш за 80 гадоў таму функцыянерамі НКУС супраць польскіх афіцэраў і інтэлігенцыі, надоечы кіраўнік польскай дзяржавы абмеркаваў з прадстаўнікамі «Катынскіх сем’яў». Анджэй Дуда заявіў, што хоць непасрэдных здзяйсняльнікаў злачынства ўжо няма сярод жывых, то яны былі прадстаўнікамі савецкай улады, на якую зараз спасылаецца расійская ўлада:

- Яны арганізоўваюць парады пад сцягамі Савецкага Саюза, пад чырвонымі зоркамі, пад якімі 80 гадоў таму іхныя бацькі забівалі нашых афіцэраў, інтэлігентаў і наогул палякаў.

Прэзідэнт дадаў што, у апошнія дзесяцігоддзі, многія злачынствы разглядаліся перад міжнароднымі судамі:

- Калі зараз мы пра гэта гаворым, то ўжо няма абвінавачванняў, што мы зноў вяртаемся да старых справаў, што мы русафобы, што падчас Другой сусветнай вайны не толькі расіяне здзяйснялі злачынствы… Не, цягам апошніх дзесяцігоддзяў такія трагедыі амаль не адбываліся, а калі так, то справы неадкладна разглядаліся міжнароднымі судамі. Прыкладам з’яўляюцца злачынствы ў былой Югаславіі. Многія злачынцы былі асуджаныя і пакараныя зняволеннем.

Пасля сустрэчы з прэзідэнтам старшыня Федэрацыі Катынскіх сем’яў Ізабэла Сарыюш-Скомпска(Izabela Sariusz-Skąpska) заявіла, што ў гэты момант справай павінны займацца юрысты, якія распрацуюць дэталёвы план дзеянняў. Паводле яе, справу Катынскага злачынства трэба зноў перадаць у міжнародныя судовыя органы:

- Працягваецца вайна ва Украіне і гэта Расія з’яўляецца агрэсарам. Кожны дзень вайны мяняе пазіцыю Расіі на міжнароднай арэне. Тым часам пытанне Катынскага злачынства – гэта справа выступлення супраць Расіі. З другога боку, гэта таксама шанец для нас; каб мы нагадалі свету пра нашую трагічную гісторыю.

Старшыня Польскага нацыянальнага аб’яднаньня «Паліцэйская сям’я 1939 году» Тэрэса Брацка(Teresa Bracka) лічыць, што заходні свет дагэтуль не ведае пра маштабы Катынскай разні:

- Гэта трэба зрабіць таксама таму, каб свет даведаўся пра Катынскае злачынства. На Захадзе людзі не ведаюць, што адбылося ў Савецкім Саюзе ў 1940 годзе. Гэта наш абавязак, які нам цяжка будзе рэалізаваць без дапамогі з боку дзяржавы.

Павел Салэк(Paweł Sałek) з Канцылярыі прэзідэнта нагадаў, што Анджэй Дуда неаднаразова ўказваў на неабходнасць прадпрыняць меры па высвятленні забойства польскіх афіцэраў:

- Справа Катынскага злачынства павінна быць высветленая да канца. Прапанова тычыцца таксама распачацця юрыдычнай актыўнасці па гэтай справе. Трэба памятаць, што па сённяшні дзень гісторыкі не маюць доступу да многіх дакументаў, звязаных з Катынскім злачынствам.

Марцін Кярвіньскі(Marcin Kierwiński) з апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» падкрэсліў, што кожная акцыя, якая звяртае ўвагу на гістарычную праўду, каштоўная:

- Мы ведаем праўду. Гэта было жудаснае забойства польскіх афіцэраў і польскіх элітаў. За гэта нясе адказнасць камуністычная Расія, Савецкі Саюз і іх юрыдычныя спадчыннікі на міжнароднай арэне.

Адрыян Зандбэрг(Adrian Zandberg) з апазіцыйных «Левых сілаў» сказаў, што пра Катынскае злачынства варта гаварыць цяпер, калі крамлёўскі рэжым знаходзіцца ў крызісе:

- Гэта правільная мэта, якую ставіць сабе прэзідэнт Польшчы. Аднак, рэалістычна, гэта зможа адбыцца толькі пасля падзення цяперашняга крамлёўскага рэжыму – не раней. Паводле мяне, да справы трэба ставіцца з такой перспектывы.

Катынскае злачынства адбылося вясной 1940 года. Функцыянеры НКУС забілі каля 22 000 грамадзян Польшчы, сярод якіх былі афіцэры Войска Польскага, паліцыянты і мірныя жыхары – прадстаўнікі тагачасных польскіх элітаў. Па загадзе вышэйшых органаў улады Савецкага Саюза, на чале з Юзафам Сталіным, супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя забойствы палякаў, у тым ліку ў Катынскім лесе, Цверы і Харкаве. Злачынства раскрылі немцы 13 красавіка 1943 года. Цяпер гэтая дата лічыцца сімвалічнай датай Катынскага злачынства. У 2007 годзе Сейм устанавіў 13 красавіка Днём памяці ахвяр Катынскага злачынства.
IAR/аз

Палякі адзначаюць Дзень памяці ахвяр Катынскай разні

13.04.2022 09:29
Дзень адзначаецца ў гадавіну выяўлення немцамі масавых пахаванняў польскіх афіцэраў у Карыні.