Беларуская Служба

Енс Столтэнберг: Пашырэнне НАТА на Фінляндыю і Швецыю замацуе альянс

16.05.2022 12:45
Члены НАТА абмеркавалі ў Берліне пытанне пашырэння Паўночнаатлянтычнага альянсу і дапамогі Украіне.
Аўдыё
  • Пашырэнне НАТА на Фінляндыю і Швецыю замацуе альянс
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен PAP/EPA/CLEMENS BILAN

Урад Фінляндыі афіцыйна абвясціў, што будзе падаваць заяўку на членства ў НАТА. У сваю чаргу шведскія ўлады прымуць рашэнне па гэтай справе ў бліжэйшы час. Падача Фінляндыяй і Швецыяй заявак на сяброўства ў НАТА стане гістарычным момантам, лічыць генеральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнберг. Учора ў Берліне адбылася нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін альянсу, на якой апрача вайны ва Украіне, абмяркоўвалася і гэтая тэма. Енс Столтэнберг падкрэсліў, што сяброўства абедзвюх краін павысіць бяспеку хаўруснікаў.

Фінляндыя заявіла, што падасць заяўку на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс. Пра гэта паведамілі прэзідэнт Саулі Нійнісцё і прэм'ер Санна Марын. Сённе згаданае пытанне будзе ўнесенае на разгляд фінскага парламента. Надоечы, на прэс-канферэнцыі ў Хельсінкі, Санна Марын заявіла, што ўрад прыняў гэтае рашэнне ў супрацоўніцтве з прэзідэнтам:

- Мы спадзяемся, што парламент у бліжэйшыя дні пацвердзіць рашэнне падаць заяўку на членства ў НАТА. Яно будзе грунтавацца на моцным мандаце. Разам з прэзідэнтам Фінляндыі мы знаходзіліся ў цесным кантакце з урадамі краін-членаў альянсу і з самім НАТА. Дзякуй за вашу падтрымку, якую мы атрымалі па гэтай справе. У нас наперадзе яшчэ парламенцкая працэдура, але я спадзяюся, што парламент Фінляндыі разгледзіць гэтае гістарычнае пытанне з рашучасцю і адказнасцю.

Як паведамлялася надоечы падчас тэлефоннай размовы пра гэты намер прэзідэнт Фінляндыі паведаміў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.

За ўступленне ў НАТА выказалася таксама кіруючая ў Швецыі Сацыял-дэмакратычная партыя. Прэмʼер-міністр Швецыі Магдалена Андэрсан на працягу некалькіх дзён павінна ўнесці прапанову па гэтым пытанні. Партыя таксама падкрэсліла, што выступае супраць размяшчэння ядзернай зброі або пастаянных ваенных баз НАТА ў Швецыі.

На рашэнне абедзвюх краінаў паўплывала ўварванне Расіі ва Украіну.

Перадача заявак Фінляндыі і Швецыі на членства ў Паўночнаатлантычным альянсе стане гістарычным момантам, заявіў генеральны сакратар НАТА. Енс Столтэнберг дадаў, што дзверы НАТА адчыненыя для абедзвюх дзяржаваў:

- Гэтыя краіны зʼяўляюцца нашымі бліжэйшымі партнёрамі. Яны шмат гадоў супрацоўнічаюць з НАТА. І, калі Фінляндыя і Швецыя пададуць заяўкі і далучацца да альянсу, гэта ўмацуе не толькі абедзве краіны, але і стабільнасць на ўсяе еўраатлантычнай прасторы.

Кіраўнік альянсу прызнаў, што Турцыя выказала некаторыя агаворкі і заклапочанасць адносна членства абедзвюх краін у НАТА, але палітык выказаў упэўненасць, што ўсе праблемы хутка будуць вырашаны. Ён таксама сказаў, што ўлады ў Анкары далі зразумець, што не будуць блакаваць працэсу пашырэння альянсу.
Нагадваем, Турцыі не падабаецца падтрымка Швецыі для Рабочай партыі Курдыстана, якую ўлады ў Анкары лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен таксама дадаў, што ён размаўляў з міністрам замежных спраў Турцыі і ён перакананы, што ўдасца дасягнуць дамоўленасці па справе сяброўства Фінляндыі і Швецыі.
Таксама міністр замежных спраў Германіі аб’яцала, што калі Фінляндыя і Швецыя падаюць заяўкі, то нямецкія ўлады ратыфікуюць іх паскоранымі тэмпамі.

На думку Аналены Бербак, пераходны перыяд, паміж падачай заяўкі і фактычным уступленнем у НАТА, павінен быць максімальна кароткім.

Фінляндыя і Швецыя могуць таксама разлічваць на падтрымку з боку Вялікабрытаніі, пра гэта запэўніла кіраўнічка брытанскай дыпламатыі Элізабет Трас:

- Мы былі б рады, калі б да нас далучыліся нашы сябры з Фінляндыі і Швецыі. Калі б яны добраахвотна ўступілі ў НАТА, Вялікабрытанія падтрымала б гэткі намер.

Тым часам каментатары звяртаюць увагу на тое, згодна з Паўночнаатлантычным дагаворам, працэс ратыфікацыі членства можа заняць да года, у гэты час на кандыдатаў не распаўсюджваецца Артыкул 5-ты, які гарантуе, што напад на аднаго члена НАТА зʼяўляецца нападам на ўвесь альянс.

Наступнай тэмай, якая абмяркоўвалася падчас учарашняй сустрэчы ў Берліне, была расійская вайна ва Украіне. Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак заявіла, што НАТА хоча як мага хутчэй спыніць расійскае ўварванне ў гэтую краіну. Міністр Бербак заявіла, што НАТА не можа адмовіцца ад ваеннай падтрымкі Украіны, пакуль такая падтрымка будзе патрэбная ўкраінцам для самаабароны. Кіраўнік нямецкай дыпламатыі нагадала, што ў расійска-ўкраінскай вайне па-ранейшаму гінуць людзі:

- Мы не можам забываць ні на секунду, што кожны дзень на вайне гінуць людзі і адбываюцца чарговыя разбурэнні.

Генсакратар НАТА Енс Столтэнберг падкрэсліў, што расійскае ўварванне ідзе не так, як планавала Масква:

- Яны(расіяне – рэд.) не здолелі захапіць Кіеў, адступаюць ад Харкава, а іх асноўны наступ на Данбасе затармазіўся. Расія не можа дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў. Прэзідэнт Пуцін хоча паразы Украіны, распаду НАТА і падзелу паміж Паўночнай Амерыкай і Еўропай. Але Украіна трымаецца, НАТА мацнейшае, чым калі-небудзь раней, а Еўропа і Паўночная Амерыка трывала аб’яднаныя.

Кіраўнік НАТА таксама падкрэсліў, што хаўруснікі павінны павялічыць ваенную падтрымку для Украіны. Ён нагадаў, што аказаная да гэтай пары дапамога складае мільярды долараў. Раней сілы альянсу дапамагалі ў падрыхтоўцы ўкраінскай арміі, і вынікі – як сказаў Енс Столтэнберг – бачныя на полі бою кожны дзень.
Намеснік генсакратара НАТА Мірча Джаана заявіў, што Украіна можа выйграць вайну з Расіяй. Ён запэўніў украінцаў у пастаяннай падтрымцы Захаду:

- НАТА рашуча падтрымлівае Украіну. Жорсткае ўварванне Расіі губляе абароты. Украіна можа выйграць гэтую вайну пры значнай падтрымцы – ваеннай, фінансавай і гуманітарнай – з боку хаўруснікаў і партнёраў, кошт якой складае мільярды долараў, а таксама дзякуючы мужнасці ўкраінцаў і ўкраінскай арміі.

У сваю чаргу дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абвясціў, што Злучаныя Штаты Амерыкі будуць працягваць санкцыі супраць Расіі:

- Злучаныя Штаты Амерыкі і іх хаўруснікі сканцэнтраваны на тым, каб аказаць Украіне ўсялякую дапамогу на полі бою і за сталом перамоваў, каб Украіна магла нарэшце адбіць расійскую агрэсію і цалкам абараніць сваю незалежнасць і суверэнітэт.

Кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам абвясціў, што ва Украіну будзе пастаўлена больш амерыканскай зброі і іншай дапамогі.

IAR/аз

НАТА: Украіна можа выйграць вайну з Расіяй

15.05.2022 16:29
Германія гатовая без затрымкі падтрымаць кандыдатуры Фінляндыі і Швецыі ў НАТА.