Беларуская Служба

Турцыя карыстаецца вайной ва Украіне як толькі можа

25.07.2022 12:45
Турцыя балансуе паміж НАТА і Расіяй і выкарыстоўвае Украіну, як аргумент, лічыць эксперт па Блізкім Усходзе Вітальд Рэпэтовіч.
Аўдыё
  • Турцыя карыстаецца вайной ва Украіне як толькі можа
Рэджэп Таіп Эрдаган PAP/EPA/SEDAT SUNA

Разам з расійскай вайной ва Украіне вярнулася пытанне аб міжнароднай пазіцыі і палітычнай стратэгіі Турцыі ў дачыненні да суседніх краін, а таксама ў адносінах з Захадам і Расіяй. У першыя месяцы вайны Турцыя падкрэслівала свае сувязі з Захадам, якія дадаткова ўзмацняў страх перад расійскай уладай і амбіцыямі. Вайна таксама стала нагодай для чарговай спробы не толькі ўмацаваць, але і перагледзець турэцка-заходнія адносіны, у тым ліку адмену санкцый, накладзеных на Анкару, і большага ўліку інтарэсаў яе бяспекі. Аднак цягам часу перавагу ў турэцкай палітыцы ўзялі традыцыйныя і супярэчлівыя тэндэнцыі.

Па-першае, Анкара спрабуе выкарыстаць слабасць Масквы для паглыблення супрацоўніцтва з ёй на лепшых умовах, што выяўляецца ў развіцці гандлю, у тым ліку супрацоўніцтва па экспарце ўкраінскага збожжа, блакаванага Расіяй. Па-другое, на думку аглядальнікаў, Турцыя спрабуе прабіваць свае інтарэсы ў Паўночнаатлантычным альянсе. Гаворка ідзе, між іншым, пра адыход часткі краін альянсу ад палітыкі санкцый і магчымасць імпарту асобных відаў зброі Турцыяй і прыняцце яе погляду на барацьбу з тэрарызмам і радыкальнай апазіцыяй, якія карыстаюцца абаронай або падтрымкай на Захадзе. Менавіта гэтыя ды іншыя пытанні ўплываюць на міжнародную пазіцыю і палітычную стратэгію Турцыі ў аспекце таго, што адбываецца ва Украіне, кажа эксперт па Блізкім Усходзе Вітальд Рэпэтовіч(Witold Repetowicz):

- Турцыя хацела б балансаваць і выкарыстоўваць Украіну, як аргумент у адносінах з НАТА і Расіяй. Гэта ставіць Турцыю паміж Паўночнаатлантычным альянсам і Расіяй. Калі б пры гэтым Турцыя не была членам НАТА, то гэта можна было б зразумець. Аднак, паколькі яна членам альянсу з’яўляецца, то зразумець гэта цяжка. Тым больш, што на саміце НАТА ў Мадрыдзе былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасці па справе Расіі, а раптам Эрдаган сустракаецца з Пуціным і сціскае яму руку, што, мякка кажучы, дзіўна.

З другога боку, Турцыя таксама карыстаецца на гэтай вайне, кажа эксперт. Нагадваем, у пятніцу ў Турцыі Расія паабяцала разблакаваць транспарціроўку ўкраінскай пшаніцы праз Чорнае мора. Анкара таксама была месцам аднаго з раўндаў расійска-ўкраінскіх перамоваў. Аднак у суботу расіяне абстралялі ракетамі Адэскі порт – адзін з тых, адкуль маюць экспартаваць украінскае збожжа:

- Расійскі ўдар па Адэсе паказаў колькі вартае гэтае паразуменне. Прэзідэнт Турцыі, хутчэй за ўсё, не прадбачыў гэтай іміджавай паразы. Хутчэй за ўсё, ён меркаваў, што падпісаннем пагаднення ў Турцыі ён прыкрые тыя ласкі, якія доўгі час аказваў Расіі ў сувязі з вайной ва Украіне. Гэта тычыцца і таго, што Турцыя, як адзіная дзяржава НАТА, не закрыла неба для Расіі і не ўвяла санкцый.

Суразмоўца таксама адзначыў, што закрыццё Басфору для расійскіх караблёў, якое было абавязкам Турцыі, не да канца дзейнічае:

- Гэта быў абавязак Турцыі, які вынікае з дамовы ў Мантрэ. Аднак турэцкі ВМФ заплюшчвае вочы на тое, што праз праліў расійскія грамадзянскія караблі пастаянна перавозяць вайсковую тэхніку, гэтак жа як заплюшчваў вочы на кантрабанду збожжа з Украіны. Пра што паведамляў амбасадар Украіны ў Турцыі. Гэта нягледзячы на тое, што ўкраінскі бок перадаў Анкары падрабязную інфармацыю пра крадзеж украінскага збожжа.

Вітальд Рэпэтовіч таксама нагадаў, што Расія вельмі зацікаўлена ў тым, каб Турцыя блакавала доступ Фінляндыі і Швецыі да НАТА:

- Гэта дасканалы аргумент для Турцыі. З аднаго боку Эрдаган паехаў з гэтым аргументам у Тэгеран, каб выкарыстаць яго ў адносінах паміж Іранам і Расіяй. Гаворка ішла пра згоду на аперацыю на курдскіх тэрыторыях у паўночнай Сірыі, якія застаюцца па-за ўплывам ЗША. Расія «прадала б» гэтыя тэрыторыі Турцыі. Аднак супраць гэтага выступае Іран па геастратэгічных прычынах, бо гэта пагроза для інтарэсаў Ірана. Таму Эрдаган нічога ў Тэгеране не дабіўся. З другога боку, гэта таксама аргумент у размовах з амерыканцамі, паколькі патрабаванні Турцыі ў дачыненні да Фінляндыі і Швецыі мудрагелістыя. На самой справе Эрдаган хоча атрымаць ад ЗША знішчальнікі F-35, або, як мінімум, згоду на мадэрнізацыю F-16. Да гэтай пары амерыканцы не далі Эрдагану нічога. Нават Байдэн не накіраваўся з візітам у Турцыю. Таксама Эрдаган пакуль не атрымаў запрашэння ў ЗША ад адміністрацыі Байдэна.Таму план Эрдагана пакуль не атрымаўся, ён не дабіўся нічога ні ў аднаго, ні ў другога бакоў.

Эксперт таксама дадае, што пазіцыю Турцыі ўскладняе ўнутраная палітыка і праблемы самога Рэджэба Таіпа Эрдагана перад выбарамі:

- Перадвыбарчыя апытанні грамадскай думкі не пакідаюць сумневаў – Эрдагам прайграе на выбарах. Зараз падтрымка Партыі справядлівасці і развіцця, да якой належыць прэзідэнт і саюзніцкай Партыі нацыяналістычнага руху, калі яна наогул увойдзе ў парламент, складае каля 35%. У сваю чаргу ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў Рэджэп Таіп Эрдаган можа разлічваць, у залежнасці ад суперніка, на 40-45% галасоў. Нагадваю падтрымка прэзідэнта паслядоўна падае разам з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне. Хоць, гэта канчаткова не вырашае, хто пераможа на выбарах. Для Эрдагана параза на выбарах – гэта не натуральная змена ўлады. Гэта азначае, што з турмаў выйдуць многія палітычныя вязні, а іншыя апынуцца на іх месцы, уключна з бліжэйшым асяроддзем Эрдагана, а можа і ім самым.

- канстатуе эксперт па Блізкім Усходзе публіцыст партала defence24.pl Вітальд Рэпэтовіч.

рд / PR24 / аз

Уладзімір Зяленскі: Напад на Адэсу – цынічны акт варварства

24.07.2022 16:26
У суботу дзве расійскія ракеты ўпалі на Адэскі гандлёвы порт. Там успыхнуў пажар.