У пятніцу ўкраінскія ўлады пацвердзілі, што вярнулі кантроль над Херсонам. Размешчаны на поўдні Украіны горад, які прымыкае да анексаванага Крыму, быў захоплены расіянамі пасля 24 лютага бягучага года. Гэта адбылося ў першыя дні расійскага ўварвання ва Украіну. Пасля больш чым васьмімесячнай акупацыі восйкі агрэсара адступілі з правага (заходняга) берага Дняпра.
Паводле Якуба Альхоўскага(Jakub Olchowski) з Інстытута Цэнтральнай Еўропы Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне, вызваленне Херсона – гэта для абодвух бакоў вельмі важны момант у ходзе вайны:
- У асяроддзі Пуціна ўсё больш канфліктаў. Напружанне і крытыка ідзе таксама з нечаканага боку, напрыклад, з боку кіраўніка «вагнераўцаў» Прыгожына. Міністр Шайгу таксама даўно крытыкуецца нягледзячы на прыхільнасць Пуціна. Аднак ва ўплывовых расійскіх ваенных колах памятаюць, што Шайгу ніколі не служыў у войску.
Паводле эксперта вызваленне Херсона, гэта важная справа, якая можа паўплываць на дух расійскай арміі, аднак асаблівага ўплыву на палітычную сцэну ў Расіі не акажа:
- Трэба памятаць, што Пуцін, як былы афіцэр КДБ, за 20 гадоў улады пабудаваў вакол сябе вельмі складаную і жорсткую сістэму бяспекі, і гэтая рэпрэсіўная сістэма некранутая. У арміі ёсць праблемы, эканоміка развальваецца, але апарат бяспекі, пра які заўсёды больш за ўсё клапаціліся кіраўнікі Расіі, застаецца некранутым. Не варта чакаць, скажам так, «сакавіцкіх ідаў» і, што нехта з атачэння Пуціна ўдарыць яго нажом у спіну.
Вывад расійскіх войскаў з Херсона ў Расіі ўспрымаецца не як урок, але як параза, дадаў эксперт:
- Вывад расійскіх войскаў з Херсона ўспрымаецца, як велізарная параза, якую ў медыяпрасторы параўноўваюць да паразаў падчас Другой сусветнай вайны і распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Аднак гэта не адлюстроўваецца ў супраціве злачыннай вайне. Гэта проста нешта накшталт гневу за паразу.
Паводле Якуба Альхоўскага пратэсты, калі нават яны з’явяцца, то не будуць мець палітычнага характару:
- Гэта могуць быць пратэсты эканамічнага характару, выкліканыя наступствамі эканамічных санкцый. Зразумела, гэта можа закончыцца непарадкамі, але іх мэтай не будзе пуч і звяржэнне ўлады. Гэта малаверагоднае.
На думку былога камандуючага Сухапутных сіл ЗША ў Еўропе Бэна Ходжэса, да студзеня Украіна можа вызваліць Марыупаль і Мелітопаль, пасля чаго пачнецца вызваленне Крыма. Аднак паводле эксперта, сітуацыя складаная, паколькі шмат залежыць ад стаўлення Захаду:
- Пабачым, што адбудзецца зімой. Як Захад пратрымае зіму – у якіх настроях. Зараз план Пуцуна – зацягваць вайну максімальна доўга. Таму рашэнне мабілізаваць 300 тысяч прызыўнікоў, якія паехалі на фронт, скажам так, прама з вуліцы і шмат з іх ужо загінула. Расія імкнецца да таго, каб выклікаць энергетычны і эканамічны крызіс ва Украіне і на Захадзе, які пераўтварыцца ў палітычны і грамадскі крызіс. Таму пабачым, што будзе зімой. Расіянам, хутчэй за ўсё, не ўдасца зламаць дух украінцаў. Пытанне, ці ім удасца зламаць Захад.
Каб Пуцін сеў за стол перамоваў, паводле Якуба Альхоўскага павінны быць выкананыя, як мінімум, тры ўмовы:
- Па-першае, украінцы павінны вызваляць наступныя, захопленыя Расіяй тэрыторыі. Па-другое, Захад павінен быць паслядоўным, калі гаворка ідзе пра падтрымку Украіны. Па-трэцяе, павінен быць нейкі зрух з боку расійскага грамадства. Я не спадзяюся там «польскай «Салідарнасці» – гэта не той менталітэт. Аднак яны могуць выйсці на вуліцы па эканамічных прычынах – гэта ў Расіі ўжо здаралася. Тры згаданыя ўмовы павінны быць выкананыя, каб Пуцін сеў за стол перамоваў.
Між тым, генштаб УСУ паведаміў пра рост напружання паміж беларусамі і расійскімі войскамі. Ці гэта можа паўплываць на беларуска-расійскія адносіны, настолькі важныя ў аспекце вайны ва Украіне:
- Наколькі мы ведаем, а з Беларусі да нас даходзіць інфармацыя – шмат беларусаў назіраюць за рухамі расійскіх і беларускіх войскаў і перадаюць гэтую інфармацыю на Захад. Паводле іх, настроі ў беларускай арміі дрэнныя. Беларуская армія не збіраецца на вайну. Зразумела ўкраінцы не могуць адмовіцца пільнаваць беларуска-украінскую мяжу, але зараз, хутчэй за ўсё, з гэтага напрамку нейкая супольная расійска-беларуская атака Украіне не пагражае. Пра гэта сведчаць факты. Расіяне, перш за ўсё, вывозяць цяжкае ўзбраенне з Беларусі, а не прывозяць сюды. Калі б расіяне планавалі атаку на Украіну з поўначы, то яны прывозілі б у Беларусь ракеты С-300, С-400, якія зараз адсюль вывозяць. Гэта тычыцца таксама танкаў. Зразумела, яны выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для абстрэлу, але тут, перш за ўсё гаворка ідзе пра тое, каб затрымаць украінскае войска на беларуска-ўкраінскай мяжы. Сілаў, якія пільнуюць мяжы з Беларуссю нельга выкарыстаць у гэтым часе, напрыклад, на Данбасе.
Паводле Якуба Альхоўскага вывад расійскіх войскаў з Херсона азначае, што расіяне пагадзіліся са стратай акупаваных тэрыторыяў на левым баку ракі Днепр:
- Зразумела, гэта можа працягвацца нейкі час, паколькі расіяне мусяць пераправіцца на другі бераг Дняпра, а масты былі знішчаныя. Гэта дарэчы было б карысным, паколькі азначала б, што лінія фронту, прынамсі на нейкі час, можа на зіму, затрымаецца на рацэ Днепр. Калі расіяне пераправяцца за Днепр, то яны ўжо не вернуцца.
- канстатуе Якуб Альхоўскі(Jakub Olchowski) з Інстытута Цэнтральнай Еўропы Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.
У сваю чаргу Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў у апошнім аналізе, ацэньвае, што паразы на фронце зніжаюць упэўненасць у здольнасці Пуціна выконваць «ваенныя абяцанні». На думку аналітычнага цэнтра, моцна ідэалагізаваныя прыхільнікі вайны, якія належаць да пуцінскага электарату, усё менш задаволены тым, што Крэмль не ў стане дасягнуць максімалісцкіх мэтаў уварвання – захапіць усю Украіну і зрынуць украінскую ўладу.
PR24/аз