Беларуская Служба

Пэтр Павэл: Мы павінны забяспечыць Украіну ўсім, чаго ў яе няма

03.02.2023 12:01
Украіна можа быць каштоўным членам НАТА з адной з самых вопытных армій у Еўропе, лічыць новаабраны прэзідэнт Чэхіі.
Аўдыё
  • Пэтр Павэл: Мы павінны забяспечыць Украіну ўсім, чаго ў яе няма
         (2022)
Пэтр Павэл падчас мітынгу ў падтрымку Украіны ў Брно (2022)Autorstwa Martin Strachoň - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=115687032

Каб Расія прайграла вайну, мы павінны забяспечыць Украіну ўсім, чаго ў яе не хапае, сказаў у інтэрв’ю Польскаму радыё новы прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл. На думку новаабранага кіраўніка Чэхіі, у будучыні Украіна можа быць каштоўным членам Паўночнаатлантычнага альянсу з адной з самых вопытных армій у Еўропе.

Паводле новаабранага прэзідэнта Чэхіі, Украіна павінна атрымаць любую падтрымку, якая дазволіць ёй выцесніць расійскую армію са сваёй тэрыторыі:

- Адзіным выключэннем з'яўляецца ядзерная зброя, у чым няма ніякіх сумневаў, а таксама непасрэднае заангажаванне ў канфлікт войскаў НАТА. Мы дакладна ведаем межы. Але, калі казаць пра матэрыяльную дапамогу, то я не бачу падставаў ставіць нейкія абмежаванні. Я не вельмі разумею, навошта мы дзелім узбраенне на тое, якое можна ахвяраваць украінцам, і тое, якога нельга ахвяраваць.

Пэтр Павэл таксама выразна падтрымаў імкненне Украіны за сяброўства ў Еўрасаюзе і НАТА:

- Калі толькі гэта будзе магчымае, калі вайна будзе заканчвацца, мы павінны палегчыць Украіне далучэнне да гэтых арганізацый. Што тычыцца НАТА, то ўкраінская армія, несумненна, будзе адной з самых вопытных у Еўропе. Дзякуючы доўгатэрміновай дапамозе, вайна спрыяе выкананню такіх крытэрыяў, як узаемадзеянне, здольнасць да супрацоўніцтва ўкраінскай арміі не толькі на тэхнічным узроўні, але і калі гаворка ідзе пра працэдуры.

Украіна заслугоўвае сяброўства, як у Еўрапейскім Саюзе, так і ў Паўночнаатлантычным альянсе, лічыць Пэтр Павэл. Паводле яго, украінцы больш за ўсіх даказалі, што разумеюць каштоўнасці, якімі накіроўваюцца краіны-члены ЕС і НАТА:

- Дзеля гэтых каштоўнасцей яны (украінцы – рэд.) здольныя ахвяраваць самым важным, жыццём шматлікіх людзей. Цікава, ці наогул можна казаць пра нейкі прынцып «заслуг» пры ўступленні ў міжнародныя арганізацыі, але калі так, то, безумоўна, Украіна на гэта заслужыла.

На думку новага чэшскага прэзідэнта, удзел краін Еўрасаюза ў аднаўленні Украіны будзе мець вырашальнае значэнне таксама для працэсу далучэння краіны да супольнасці:

- Гэта можа быць выкарыстана, каб наблізіць краіну да Еўрасаюза; каб можна было разгледзець пытанне аб датэрміновым членстве ў супольнасці. Я перакананы, што сяброўства ў ЕС і НАТА дапамагло б не толькі Украіне, але і Еўропе, у прыватнасці бяспецы і стабільнасці на кантыненце.

Пэтр Павэл пацвердзіў таксама, што плануе наведаць з афіцыйным візітам Польшчу, між іншым, каб запэўніць суседнія краіны ў гатоўнасці Чэхіі выконваць хаўрусніцкія абавязкі ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу. Анонс візіту ў Польшчу, які адбудзецца пасля традыцыйнага першага візіту новага прэзідэнта Чэхіі ў Славакію, з’яўляецца адказам на словы Андрэя Бабіша – суперніка Павэла на прэзідэнцкіх выбарах. Нагадваем, Бабіш у адных з выбарчых дэбатаў заявіў, што, як прэзідэнт не адправіў бы чэшскіх войскаў на дапамогу Польшчы ці краінам Балтыі ў сітуацыі пагрозы.

Пэтр Павэл чарговы раз запэўніў, што Чэхія салідарная са сваімі партнёрамі:

- Калі гаворка ідзе пра стаўленне Чэхіі да хаўрусніцкіх абавязкаў – нічога не змянілася. Мы лічым, што прынцып салідарнасці ў рамках калектыўнай абароны мае вырашальнае значэнне для нашай бяспекі. Я хацеў бы ліквідаваць некаторыя сумневы, якія ўзніклі падчас прэзідэнцкай кампаніі – пасля гэтых няўдалых дэбатаў.

Новаабраны прэзідэнт Чэхіі таксама дадаў, што адной тэмаў размовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам можа быць супрацоўніцтва ў рамках НАТА і дапамога Украіне:

- Я ганаруся тым, што абедзве нашыя краіны, як адны з першых, вырашылі дапамагчы Украіне і да гэтага часу знаходзяцца ў авангардзе ў гэтым плане. Я думаю, што мы павінны зрабіць стаўку на гэта. Дарэчы не толькі нашыя дзве краіны, але і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У інтэрв’ю Польскаму радыё Пэрт Павэл паведаміў, што пры нагодзе яго візіту ў Варшаве можа адбыцца трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Чэхіі, Польшчы і Літвы. Сярод патэнцыйных тэм перамоваў палітык назваў: энергетычную бяспеку, супрацоўніцтва ў рэгіёне і падрыхтоўку да саміту НАТА, які ў ліпені запланаваны ў Вільні.

Палітык таксама закрануў пытанне рэгіянальнага супрацоўніцтва. На яго думку, трэба змяніць фармат Вышаградскай групы, якая павінна быць больш гнуткай ініцыятывай, да якой змогуць далучыцца таксама іншыя краіны рэгіёну:

- Такім чынам згаданы фармат пашырыў бы свой магчымы ўплыў на некаторыя рашэнні, якія прымаюцца ў Еўрасаюзе і НАТА. Я думаю, што ў нас шмат агульных праблем у рэгіёне, і прынамсі, час ад часу, мы маглі б заняць агульную пазіцыю, напрыклад, у групе дзевяці краін.

Пэтр Павэл лічыць, што рэгіянальнае супрацоўніцтва павінна мець прагматычнае вымярэнне і прыносіць партнёрам адчувальную карысць:

- Перш за ўсё, мы не павінны разглядаць Вышаградскую групу або любую больш шырокую групу ў рэгіёне ў якасці інструмента супрацьстаяння астатняй Еўропе. Наадварот, магчыма, варта скарыстацца тым імпульсам, які мы атрымалі, падтрымліваючы Украіну, і ў межах рэгіёна стаць своеасаблівым рухавіком пераменаў у Еўрасаюзе.

Аднак адмова ад фармату Вышаградскай групы павінна быць крайнім рашэннем, калі іншыя спробы знайсці новую форму для супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы не пашанцуюць, лічыць новы прэзідэнт Чэхіі.

Нагадваем, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі, генерал у адстаўцы і былы кіраўнік ваеннага камітэта НАТА Пэтр Павэл перамог былога прэмʼер Андрэя Бабіша, набраўшы больш за 58 працэнтаў галасоў.

IAR/вс/аз

Чэшскі кандыдат у прэзідэнты: Чэхія не павінна накіроўваць сваіх войскаў для абароны Польшчы ці краінаў Балтыі

23.01.2023 12:02
Андрэй Бабіш заявіў, што як камандуючы ўзброенымі сіламі краіны, ён быў бы супраць адпраўкі чэшскіх войскаў для абароны хаўруснікаў.

Чэшскі аналітык: Пётр Павел будзе правільным прэзідэнтам у напружанай сітуацыі ў Еўропе

29.01.2023 16:11
Пётр Павел уступіць на пасаду пасля прысягі ў пачатку сакавіка.