«Адмаўленне існавання газавых камер — гэта не толькі праява антысемітызму і ідэалогіі нянавісці, але і злачынства ў Польшчы», — напісаў у сацыяльных сетках дырэктар музея Аўшвіц-Біркенаў доктар Пётр Цывінскі ў адказ на заўвагі Гжэгажа Браўна. Музей паведаміў, што выступіў з позвай у суд. Справу апісвае штодзёнка «Rzeczpospolita».
У чацвер падчас інтэрв'ю радыё Wnet еўрадэпутат Гжэгаж Браўн, лідар Канфедэрацыі Кароны польскай, адмаўляў існаванне газавых камер у нямецкім канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў. Браўн дыстанцыйна падключыўся з Едвабнэ, дзе, паводле яго слоў, «з аднаго боку, рыхтуецца чарговае відовішча, акт антыпольскай, яўрэйскай прапаганды з нацыянальным святам і аховай паліцыі, а з другога боку, сабраліся шматлікія польскія суайчыннікі, каб запатрабаваць праўды». Ён таксама заявіў, што «Аўшвіц з яго газавымі камерамі, на жаль, з'яўляецца падробкай», і кожны, хто пра яго гаворыць, «абвінавачваецца ў жахлівых рэчах, яго высмейваюць».
Пасля гэтай заявы журналіст Лукаш Янкоўскі вырашыў перапыніць размову. «Ёсць межы палітычнага цынізму, пагоні за галасамі і сенсацыйнасці там, дзе ёсць некалькі мільёнаў ахвяр і памяць пра іх. Там, дзе палітычны капітал выкарыстоўваецца дзеля танной правакацыі, трэба сказаць «стоп», — растлумачыў Янкоўскі.
Дырэктар музея Аўшвіц-Біркенаў, доктар Пётр Цывінскі, выказаў рэзкае пярэчанне супраць скандальнай і крывадушнай заявы еўрадэпутата Гжэгажа Браўна, які аспрэчыў існаванне газавых камер у Аўшвіцы. Ён падкрэсліў, што такія заявы з'яўляюцца не толькі актам адмаўлення, злачынствам, якое караецца паводле польскага заканадаўства, але і абразай памяці ахвяр нямецкага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера і выражэннем пагарды да тых, хто выжыў, і іх сем'яў.
Варшаўская раённая пракуратура заявіла, што ў сувязі з заявай Гжэгажа Браўна «праводзіць расследаванне» адмаўлення нацысцкіх злачынстваў. Такое дзеянне караецца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.
Амбасада Ізраіля адрэагавала на заяву польскага еўрадэпутата. «Мы рэзка асуджаем абуральныя словы еўрадэпутата Гжэгажа Браўна. Такія небяспечныя заявы не толькі не адпавядаюць рэчаіснасці, але і ўмацоўваюць кампаніі па распальванні мовы нянавісці, адмаўленні Халакосту і з'яўляюцца абразай памяці мільёнаў ахвяр Халакосту», — гаворыцца ў заяве дыпламатычнай місіі.
Тэорыі змовы Гжэгажа Браўна маюць расійскія карані, зазначае выданне.
юл