Нядаўна дваццаць восем дэмакратычных дзяржаў, у тым ліку Польшча, заклікалі Ізраіль да неадкладнага спынення вайны ў Сектары Газа. Прычынай з'яўляецца гуманітарная катастрофа, якая развіваецца імклівымі тэмпамі. Ужо больш за сто чалавек загінулі ад голаду, і гэтая лічба будзе расці, калі Ізраіль не зменіць свайго падыходу. Паводле ААН і гуманітарных арганізацый, з сакавіка блакуецца рэгулярная гуманітарная дапамога, без якой палестынцы не могуць выжыць. Ізраіль сцвярджае, што гэта няпраўда, маўляў, ААН хлусіць, што грузавікі стаяць на мяжы і чакаюць, каб дапамога, якая там знаходзіцца, была размеркавана.
Ізраіль, аднак, маўчыць пра тое, што ААН не мае ўмоў для арганізацыі такога размеркавання і блакуе каналы доступу, перашкаджаючы рэгулярным пастаўкам. Таму людзі прыходзяць проста да неразгружаных грузавікоў. Акрамя таго, доступ да дапамогі небяспечны, пра што сведчыць той факт, што за апошнія два месяцы было забіта амаль тысяча палестынцаў, у тым ліку дзяцей, якія накіроўваліся ў пункты размеркавання. Вырашэннем праблемы не зʼяўляюцца і скіды дапамогі на парашутах, бо, па-першае, яны часам падаюць на намёты, забіваючы або ранячы людзей, якія ў іх жывуць, а па-другое, яе занадта мала. Калі за адзін дзень будзе скінута 25 тон, то на аднаго жыхара прыпадзе 10-15 грамаў прадуктаў.
У Газе засталіся практычна адны руіны. Знішчана ўся інфраструктура, жыхарам усё цяжэй знайсці прыдатную для піцця ваду. Калі нічога не зменіцца, колькасць смяротных ахвяр ад голаду, смагі і хвароб будзе расці экспанентна. Ужо ў выніку гэтай вайны загінула амаль 60 тыс. палестынцаў. Ізраіль заяўляе, што гэта фальшывыя даныя, але не дае незалежным журналістам доступ у Сектар Газа. Тых, хто там ужо ёсць, ён лічыць тэрарыстамі. Аднак, паводле даных міжнародных арганізацый, з пачатку канфлікту загінулі 232 чалавекі, чый журналісцкі статус быў імі прызнаны.
Антысемітызм – гэта рэальная зʼява, у чым палякі маглі пераканацца зусім нядаўна, слухаючы Гжэгажа Браўна, які ставіў пад сумнеў існаванне газавых камер у лагеры Аўшвіц-Біркенаў. Аднак ёсць апасенні, што, кідаючы без разбору абвінавачванні ў антысемітызме, Ізраіль сам аслабіць сілу іх уздзеяння, бо мала хто будзе сурʼёзна гэта ўспрымаць. Антысемітызм стане пустым словам.
Сёння ўлады Ізраіля кваліфікуюць як антысемітызм любыя абвінавачванні ў злачынствах. Праблема ў тым, што ўсё часцей яны фармулююцца таксама ізраільскімі экспертамі – юрыстамі і гісторыкамі Халакосту, напрыклад, Амерам Бартавым, Разам Сегалам ці Омерам Шацам. Апошні, выдатны пісьменнік і гісторык Халакосту, перасцярог, што цяжар віны за цяперашнія дзеянні ў Газе ляжа на будучыя пакаленніізраільцян, і што калі дагэтуль Ізраіль успрымаўся асаблівым чынам як вынік злачынстваў, учыненых супраць яўрэйскага народа, то ў будучыні гэты маральны капітал будзе беззваротна страчаны і заменены цяжарам пачуцця віны.
На жаль, пакуль большасць ізраільцян не думае такім чынам, і гэта тычыцца не толькі прыхільнікаў Нетаньяху, але і значнай часткі яго апанентаў. Многія з апошніх мяркуюць, што ізраільскі прэмʼер-міністр павінен адказаць за напад ХАМАсу на Ізраіль, за карупцыю, але не маюць нічога супраць планаў прымусу палестынцаў пакінуць Сектар Газа. Паводле «плана міністра абароны Ісраэля Каца», два мільёны жыхароў Сектара Газа павінны быць сагнаны ў руіны горада Рафах з адзінай магчымасцю яго пакінуць: назаўсёды выехаць з Газы.
Ізраіль усё менш звяртае ўвагу на міжнародны ціск, што не азначае, што яго не трэба аказваць. Праблема ў самой Еўропе, якая не выступае адзіным фронтам у гэтым пытанні. Аднак гэта мае велізарнае значэнне для еўрапейскай бяспекі. І гэта выкарыстоўваецца Расіяй, якая распаўсюджвае сярод сотняў мільёнаў мусульман прапагандысцкія паведамленні, што абвінавачваюць Захад у дзеяннях Ізраіля, хоць многія прапуцінскія алігархі маюць грамадзянства гэтай дзяржавы.
З самага пачатку канфлікту Еўропа не выступала ў гэтым пытанні адзіным фронтам. У момант яго выбуху восем з дваццаці сямі краін ЕС прызнавалі Палестыну, але дзве з іх, Чэхія і Венгрыя, займаюць рашуча праізраільскую пазіцыю. З пачатку вайны ў Газе Палестыну прызналі таксама Ірландыя, Іспанія і Славенія. У верасні 2024 года Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае Ізраіль спыніць акупацыю Заходняга берага на працягу года. Яе падтрымалі 13 членаў ЕС, 12 (у тым ліку Польшча) устрымаліся, а 2 (Чэхія і Венгрыя) былі супраць. У сваю чаргу, сярод згаданых 28 дзяржаў, якія заклікалі да спынення вайны ў Газе, 20 зʼяўляюцца членамі ЕС. Аднак няма Германіі, Харватыі і 5 іншых краін Цэнтральнай Еўропы, якія якраз прызнаюць Палестыну. Германія паралізавана сваім пачуццём віны за Халакост. Аднак усё часцей тут назіраюцца сумненні за росту колькасці насельніцтва міграцыйнага паходжання, якое мае зусім іншую, чым афіцыйная, пазіцыю. Францыя ж, якая таксама знаходзіцца пад моцным ціскам свайго мусульманскага насельніцтва, заявіла, што ў верасні прызнае дзяржаўнасць Палестыны.
Ізраіль не ў стане самастойна забяспечыць сабе выжыванне, захоўваючы цяперашні курс. Ён толькі распальвае нянавісць з боку арабска-мусульманскага свету. Цяпер Ізраіль паставіў усё на падтрымку з боку ЗША, але абапіранне на адну нагу – рызыкоўная стратэгія, асабліва калі ў ЗША расце колькасць незадаволеных падтрымкай, якая аказваецца Ізраілю. Таму ігнараванне пазіцыі Еўропы з боку Ізраіля здаецца блізарукім. Аднак Еўропа магла б прымусіць Ізраіль больш лічыцца з ёй, калі б гаварыла і дзейнічала больш паслядоўна і рашуча.
Вітольд Рэпетовіч