Беларуская Служба

Польшча і ЗША ўзмацняюць вайсковую супрацу

24.09.2019 17:45
Вынікам сустрэчы прэзідэнтаў Дональда Трампа і Анджэя Дуды будзе прыбыццё ў Польшчу дадатковай амаль тысячы амерыканскіх жаўнераў. 
Аўдыё
  • Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падчас двухбаковай сустрэчы ў Нью-Ёрку падпісалі чарговую дэкларацыю аб ваенным супрцоўніцтве.
Prezydent Stanów Zjednoczonych Ameryki Donald Trump oraz Prezydent RP Andrzej Duda podczas spotkania bilateralnego z okazji szczytu klimatycznego, w przeddzień debaty generalnej Zgromadzenia Ogólnego ONZ w Nowym Jorku
Prezydent Stanów Zjednoczonych Ameryki Donald Trump oraz Prezydent RP Andrzej Duda podczas spotkania bilateralnego z okazji szczytu klimatycznego, w przeddzień debaty generalnej Zgromadzenia Ogólnego ONZ w Nowym Jorku Foto: Radek Pietruszka /PAP

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падчас двухбаковай сустрэчы ў Нью-Ёрку падпісалі чарговую дэкларацыю аб ваенным супрцоўніцтве.

Падчас двухбаковай сустрэчы лідараў ЗША і Польшчы ў Нью-Ёрку ім спадарожнічалі бліжэйшыя супрацоўнікі і прадстаўнікі ўрадаў дзвюх краінаў. У сустрэчы на самым высокім узроўні прыняў удзел міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Міністр пераконвае, што дадзенае пагадненне мае пераломнае значэнне для абароназдольнасці Польшчы.

-На падставе гэтага пагаднення, Польшча далучаецца да элітарнага клубу дзяржаваў, у якіх на пастаяннай аснове дыслацыруюцца войскі Злучаных Штатаў. Дадзены факт без сумневу адпужвае патэнцыйнага агрэсара, а мы дамагаліся менавіта гэтага.
Важным з’яўляецца тое, што фармулёўка «пастаянная прысутнасць войскаў ЗША ў Польшчы» была зацверджана нашымі лідарамі. Дадаткова дэкларацыя пералічвае камандаванне дывізіі ў Познані, якое кіруе не толькі войскамі ЗША ў Польшчы, але ўсім амерыканскім кантынгентам у нашай частцы Еўропы.

Выпрацавана пэўная сістэма амерыканскай вайсковай прысутнасці. Падчас перамоваў мы ўзгаднілі прысутнасць 4,5 тысяч амерыканскіх жаўнераў, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы і дадалі новую тысячу вайскоўцаў.

Інфраструктура, якую мы створым, дазволіць нам прыняць значна большую колькасць салдат у будучыні. Гэтым мэтам будзе служыць аэрадром ва Уроцлаве, ён можа прымаць самыя вялікія паветраныя судны. Хачу падкрэсліць, што мы грунтуем нашую бяспеку на трох слупах. Адным з тых слупоў з’яўляецца пастаянная прысутнасць амерыканскіх жаўнераў у Польшчы, аднак два застаўшыся слупы – гэта павелічэння колькасці польскага войска і мадэрнізацыя ўзбраенняў польскай арміі.

Другой важнай тэмай перамоваў Анджэя Дуды і Дональда Трампа стала пытанне адмены амерыканскіх візаў для палякаў. Амерыканскі лідар анансаваў, што палякі цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў далучацца да бязвізавай праграмы.
Па выніках сустрэчы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда непрыхавана цешыўся завярэннем Трампа. Кіраўнік Польшчы заявіў, што палякі годна змогуць падарожнічаць у Злучаныя Штаты.

-Праз 20 гадоў дзеці не павераць, што былі нейкія візы ў ЗША. Будуць пытацца – «Сапраўды? Не, не веру! Людзі стаялі ў чэргах!?». Магу сказаць так, я вельмі рады. Як звычайны чалавек вельмі рады, што гэта нарэшце адбудзецца. Не прыхоўваю, што мяне вельмі непакоіла тое, што паміж ЗША і Польшчай была гэтая працэдура, якую шмат хто лічыў ганебнай.

Прэзідэнт Дональд Трамп вырашыў нават сёння сказаць аб гэтым. У сувязі з гэтым, мне падаецца, што амерыканцы лічаць, што тут ужо нічога не зменіцца і факт адмены візаў для палякаў, гэта факт пра які сёння можна смела гаварыць – ён ужо адбыўся.

Вынікам сустрэчы прэзідэнтаў Дональда Трампа і Анджэя Дуды будзе прыбыццё ў Польшчу дадатковай амаль тысячы жаўнераў. Чарговыя «янкіз» прапішуцца ў Польшчы на пастаяннай аснове, агулам іх будзе 5,5 тысяч. Нягледзячы на тое, што паводле паведамленняў Дональда Трампа, Польшча будзе фінансаваць частку выдаткаў на ўтрымання кантынгенту, прыбыццё новых амерыканскіх салдат у Польшчу стала значным дыпламатычным дасягненнем урада права-кансерватыўнай партыі «Пра і справядлівасць».

Гаворачы пра падпісанне новай ваеннай дэкларацыі і адмену амерыканскіх візаў не варта забываць, што цяперака Польшча перажывае электаральны цыкл – праз тры тыдні палякі выберуць новы Сейм. Менавіта парламенцкія выбары дадуць справядлівую адзнаку дасягненням кіроўнага лагера.

IAR/PR/эж