Апошнім часам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін рэзка павысіў сваю актыўнасць у галіне гістарычнай палітыкі. Падчас выступлення на калегіі Мінабароны, а пазней у часе спаткання з лідарамі краін Садружнасці незалежных дзяржаў ён казаў пра Другую сусветную вайну, згадваючы пры гэтым пра Польшчу. Паводле ягоных слоў, тагачасныя польскія ўлады ведалі і адабралі планы Адольфа Гітлера, датычныя вынішчэння габрэяў. Такім чынам, зрабіў выснову расійскі прэзідэнт, менавіта Польшча між іншым нясе адказнасць за развязванне вайны.
Кожны ведае, што найлепшай абаронай з’яўляецца атака. Польскія гісторыкі пастаянна нагадваюць пра пакт Молатава-Рыбентропа, падпісаны незадоўга да пачатку вайны. У гэтым дакуменце Германія і Савецкі Саюз падзялілі тэрыторыю Польшчу, у выніку чаго 17 верасня 1939 году савецкія войскі напалі на Польшчу, якая на той час больш за два тыдні змагалася з нямецкімі агрэсарамі. Пуцін жа сказаў, што савецкія салдаты не напалі на Польшчу, а проста «увайшлі» на яе тэрыторыю.
Цяпер расійскі лідар «выкапаў» рукамі паслухмяных яму гісторыкаў новыя сенсацыйныя дакументы – выказванне польскага пасла ў Германіі ў 1938 годзе Юзэфа Ліпскага, які заявіў, што калі Гітлер рэалізуе свае планы і пераселіць габрэяў з еўрапейскіх краін у Афрыку, то палякі паставяць яму прыгожы помнік у Варшаве. Пуцін згадаў таксама, што Польшча падпісала ў 1934 годзе дамову аб ненападзенні з Германіяй, якую ён назваў «пактам паміж Пілсудскім і Гітлерам».
Адкуль бярэцца цяперашняе зацікаўленне Пуціна гістарычнымі пытаннямі і чаму ён вінаваціць менавіта Польшчу ў развязванні вайны? Гаворыць дэпутат Еўрапейскага парламенту сацыёлаг і публіцыст прафесар Здзіслаў Краснадэмбскі (Zdzisław Krasnodębski).
- Непасрэднай прычынай яго гістарычных разважанняў стала ўхвала Еўрапейскага парламенту, якая асудзіла пакт Гітлера са Сталіным. Гэта, канешне, раззлавала Пуціна. Дарэчы, апошнім часам паступова слабее мяккая сіла Расіі, якая заўсёды мела сваіх прыхільнікаў у Еўропе ў многіх партыях. Я сачу за дэбатамі ў Еўрапарламенце і ў мяне паяўляецца ўражанне, што цяпер назіраецца своеасаблівая мода на антырасійскасць. Калі, скажам, вынік выбараў у нейкай дзяржаве не адказвае элітам, то многія кажуць, што за гэтым стаіць Пуцін. Другая прычына ў тым, што Расія атрымала апошнім часам вельмі балючы ўдар, да чаго прычынілася Польшча. Гаворка ідзе пра санкцыі супраць Германіі, якія ўвялі ЗША ў сувязі з будаўніцтвам газаправоду Паўночны паток 2.
Польскае Міністэрства замежных спраў выдала афіцыйную заяву ў сувязі з выказваннем Пуціна, у якой гаворыцца, што даваенная польская дзяржава старалася весці палітыку раўнавагі як з Германіяй, так і з Савецкім Саюзам. Вынікам гэтай палітыкі было падпісанне дамоваў аб ненападзенні як з усходнім, так і заходнім суседам. Нягледзячы на гэта, па загаду тагачаснага народнага камісара ўнутраных спраў Нікалая Яжова ад жніўня 1937 г, былі забітыя 111 тыс. палякаў, грамадзянаў Савецкага Саюзу, а некалькі дзясяткаў тысяч былі арыштаваныя або дэпартаваныя. У сваю чаргу 17 верасня 1939 г., праз 17 дзён пасля нападзення гітлераўцаў на Польшчу, на дзяржаву напалі таксама савецкія войскі, парушаючы такім чынам дамову аб ненападзенні. Агулам, паводле падлікаў гісторыкаў, савецкія рэпрэсіі закранулі 566 тыс. палякаў у ваенны перыяд, – нагадвае Офіс прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Цяпер перш за ўсё гісторыкі павінны спакойна і разважліва адказаць на заявы Уладзіміра Пуціна. Польскае МЗС напісала, што вельмі важна, каб узнавіла сваю дзейнасць польска-расійская група гісторыкаў, якія займаюцца складанымі пытаннямі.
на здымку - У. Пуцін прамаўляе на навагоднім бале ў Вялікім тэатры
нг