Выданне польскага грамадскага тэлебачання Tygodnik.tvp піша пра сітуацыю ў Чэхіі, але тэма не датычыць эпідэміі. Прэзідэнт дзяржавы ўстаўляе палкі ў колы чэшскіх спецслужбаў, якія змагаюцца з расійскімі шпіёнамі.
Змаганне з сеткай расійскіх агентаў трывае ўжо некалькі гадоў. Пад канец сакавіка бягучага года выданне Respekt паведаміла пра ліквідацыю чэшскай контрвыведкай сеткі расійскіх шпіёнаў, якія дзейнічалі пад прыкрыццём кампаній, што займаліся, між іншым, гандлем камп'ютарамі.
Расійская агентурная сетка была ліквідаваная значна раней, яшчэ ў 2018 годзе, але шырока даступнай гэтая інфармацыя стала значна пазней, паколькі Служба бяспекі Чэхіі (BIS) вырашыла такім чынам ахаваць сябе ад рэзкай крытыкі з боку прэзідэнта Мілаша Земана.
«Праблема ў тым, што Земан не пытаецца, не слухае, а нападае на чэшскія спецслужбы. Ён неаднойчы абвінавачваў БІС у перабольшванні пагрозы з боку расійскіх шпіёнаў», – піша аўтар артыкулу. Паводле ягоных словаў, Земан здаўна спрабуе пазбавіцца ад кіраўніка BIS Міхала Коўдэлкі, жорсткага ворага расійскіх шпіёнаў. Калі ў сваёй гадавой справаздачы аб дзейнасці ў 2018 годзе BIS назвала дзеянні Расіі галоўнай пагрозай для бяспекі Чэхіі, Земан рэзка раскрытыкаваў справаздачу, назваўшы яе «бязглуздай». І заявіў, што BIS піша пра вялікую колькасць расійскіх і кітайскіх шпіёнаў, але не прадстаўляе доказаў. Коўдэлка не вытрымаў, заявіўшы, што контрвыведка ліквідавала сетку адной з расійскіх спецслужбаў, і што за апошнія пяць гадоў былі выяўлены дзясяткі расійскіх і кітайскіх агентаў.
Ліквідаваная сетка працавала для Федэральнай Службы Бяспекі (ФСБ). Невядома дакладна, якія дыверсійныя дзеянні яна праводзіла. Магчыма, менавіта яна здзейсніла ўзлом у скрынкі электроннай пошты супрацоўнікаў чэшскага міністэрства замежных спраў, у тым ліку самога міністра.
Антоні Рыбчыньскі/нг