На пачатку года стала вядома, што палякі будуць выбіраць прэзідэнта сваёй дзяржавы 10 траўня. Аднак, па меры набліжэння дня выбараў, усё менш жыхароў Польшчы верыць, што ўдасца правесці працэс галасавання.
Калі ў лютым старшыня польскага Сейму аб’явіла 10 траўня датай першага туру прэзідэнцкіх выбараў, ніхто ў Польшчы не здагадваўся, што праз тры месяцы выбары ў традыцыйнай форме немагчыма будзе правесці. Прычына – пандэмія новай каранавіруснай інфекцыі, якая захапіла ўвесь свет і не абмінула таксама Польшчы. Палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» вельмі не жадаюць адкладваць выбары на пазнейшы перыяд (гэта было б магчыма ў выпадку ўвядзення надзвычайнага становішча), паколькі іх кандыдат, актуальны прэзідэнт Анджэй Дуда карыстаецца на дадзены момант у краіне вялізнай папулярнасцю, апытанні грамадскай думкі сведчаць аб тым, што ён можа перамагчы нават у першым туры. Невядома, у сваю чаргу, ці сімпатыі выбарцаў не перакінуцца на кагосьці іншага праз паўгода або год. Таму было вырашана правесці выбары па пошце, каб у галасуючых не было неабходнасці ісці на выбарчы ўчастак. На думку міністра аховы здароўя Лукаша Шумоўскага, такая форма галасавання больш бяспечная, чым традыцыйная. Ён спадзяецца, што вышэйшая палата парламенту Сенат не адхіліць у апошні момант закон аб выбарах.
- Калі Сенат адхіліць закон, я не ведаю, што будзе. Можа пачацца глыбокі палітычны крызіс у краіне. Я спадзяюся, што гэтага не здарыцца. Цяжка сабе ўявіць, як мы будзем змагацца з эпідэміяй, калі ўнутры ўраду будзе сур’ёзны палітычны крызіс. Калі не будзе крызісу, калі ўдасца прыняць закон аб выбарах па пошце, то я падтрымліваю свае ранейшыя словы, што выбары па пошце больш бяспечныя, чым традыцыйнае галасаванне.
Меркаваннем міністра аховы здароўя, традыцыйныя выбары можна будзе правесці ў Польшчы толькі праз два гады, калі эпідэмія ўжо напэўна закончыцца. У такіх абставінах, калі Канстытуцыя вызначае майскі тэрмін выбараў, самым лепшым варыянтам з'яўляецца галасаванне па пошце. Ёсць адна загвоздка – закон аб гэтак званых карэспандэнцыйных выбарах павінен адобрыць Сенат, у складзе якога большасць – палітыкі апазіцыі. Працай Сенату кіруе апазіцыйны палітык Томаш Гродзкі з партыі «Грамадзянская платформа». Сенатары зоймуцца пытаннем выбараў на паседжанні, якое пачынаецца ў аўторак, 5 траўня.
Міністр юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра заклікаў палітыкаў памятаць пра выключную адказнасць за сітуацыю ў дзяржаве. Ён падкрэсліў, што ў часы крызісу асабліва важную ролю адыгрывае прэзідэнт, а спрэчкі, звязаныя з абраннем галавы дзяржавы, толькі паглыбляюць крызіс. Міністр нагадаў, што тэрмін прэзідэнцкіх выбараў вызначае асноўны закон краіны.
- Мы – дэмакратычная дзяржава, у якой адзін раз у пяць гадоў павінны прайсці прэзідэнцкія выбары. У сувязі з сітуацыяй, якая назіраецца на свеце, дзе была аб’яўлена пандэмія, мы не можам пагадзіцца, каб Польшча засталася без прэзідэнта. Можна прывесці метафару – гэта так, быццам бы карабель на адкрытым моры плыў без капітана. Прэзідэнт адыгрывае фундаментальную ролю ў дзяржаве, гэта галава дзяржавы, яе важнейшых устаноў. Такім чынам без прэзідэнта дзяржава не можа нармальна дзейнічаць.
Прадпрыемства Польская Пошта рыхтуецца да выбараў 10 траўня, хаця ўжо нават галоўныя палітыкі кіроўнай партыі пачынаюць страчваць веру, што ўдасца зладзіць галасаванне. За правядзенне галасавання па пошце адказвае віцэ-прэм’ер Яцэк Сасін. У панядзелак ён заявіў, што цяжка сабе ўявіць, каб галасаванне магло адбыцца без перашкод 10 траўня. Сасін нагадаў, што Сенат яшчэ не прыняў закон аб карэспандэнцыйных выбарах, а ён прадбачвае, што за сем дзён да выбараў выбарчыя пакеты неабходна пачаць дастаўляць у паштовыя скрынкі выбарцаў. Сасін не быў у стане адказаць на пытанне журналіста, калі ў такім выпадку пройдуць выбары і ў якой форме.
ІАР ПР/нг