Беларуская Служба

Вызначаныя на 10 мая прэзідэнцкія выбары ў Польшчы не адбудуцца

08.05.2020 14:55
Аб гэтым дамовіліся лідары ўрадавай кааліцыі.
 ,     (Porozumienie)
Яраслаў Говін, лідар кааліцыйнай партыі "Пагадненне" (Porozumienie)PAP/Radek Pietruszka

Склаліся на гэта некалькі прычын: эпідэмія каранавіруса, востры пратэст апазіцыі супраць правядзення выбараў па пошце, а таксама адсутнасць адзінадумства ўнутры кіроўнай кааліцыі «Аб'яднаныя правыя» (Zjednoczona Prawica).

Дамова двух Яраславаў: Качыньскага (лідэр партыі «Права і справядлівасць» і Говіна, лідара кааліцыйнай партыі «Пагадненне» (Porozumienie), які выступіў супраць выбараў 10 мая, адхіліла пагрозу распаду кааліцыі і страты парламенцкай перавагі кіроўнай партыі, - піша «Rzeczpospolita».

Дамова паміж Качыньскім і Говінам прадугледжвае, што выбары, прызначаныя на бліжэйшую нядзелю, не адбудуцца. Вярхоўны суд павінен прызнаць выбары адмененымі, пасля старшыня Сейму абвесціць новыя выбары «як мага хутчэй». Лідары за тое, каб выбары праводзіліся па пошце. Новы тэрмін яшчэ не вядомы, але верагодна гэта будзе другая палова чэрвеня або пачатак ліпеня.

Паводле газеты «Rzeczpospolita» ўсе атрымалі перамогу ў выніку дадзенага пагаднення.

Партыя Яраслава Качыньскага захавае перавагу ў Сейме, у іншым выпадку трэба было б праводзіць парламенцкія выбары. Яраслаў Говін паказаў сябе прынцыповым палітыкам, які не саступіў Качыньскаму, і адначасова застаўся ў кіроўнай кааліцыі.

Тое, што прэзідэнцкія выбары цяпер не адбудуцца, сваім поспехам можа лічыць таксама апазіцыя, якая ад самага пачатку змагалася супраць галасавання па пошце, бо лічыць, што на гэта няма юрыдычных падставаў.

Гэтак гарачыя падзеі апошніх дзён у Польшчы пракаментаваў Міхал Шулджыньскі ў выданні «Rzeczpospolita».

яс