Да 2020 году польскія консульствы ў Беларусі выдавалі больш за 430 тысяч віз у год. Польша выдавала беларусам самую вялікую колькасць візаў сярод усіх краін ЕС. Нягледзячы на вельмі моцныя кадравыя абмежаванні ў дыппляцоўках, Польшча надалей застаецца лідарам па колькасці выдадзеных беларусам візаў. У мінулым годзе гэта было каля 140 тысяч, у гэтым іх будзе 170-180 тысяч, гаворыць амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
-Нават пры абмежаваным складзе мы стараемся як толькі можам быць адкрытымі для беларусаў. Беларусы – гэта суседні народ, прыязны Польшчы. І мы хочам беларусам дапамагчы. Растуць і будуць расці абмежаванні для расіян, але ў выпадку беларусаў нашая адкрытасць застаецца нязменнай.
Амбасадар ведае, што ёсць шмат цяжкасцяў з запісам у консульствы, што дзейнічае нелегальная практыка блакіроўкі месцаў. Артур Міхальскі адзначыў, што амбасада не мае з гэтым нічога супольнага, але і не мае рычагоў барацьбы з гэтым прэцэдэнтам. З іншага боку, ідуць працы над новай сістэмай, якая дазволіць спыніць нелегальную практыку, ці ў значнай ступені яе абмежаваць. Амбасадар Міхальскі не стаў здраджваць даты, але абяцаў, што гэта наступіць у бліжэйшым часе.
Сярод выдаваных візаў абсалютную перавагу маюць гуманітарныя і бізнес-візы, таксама студэнцкія і працоўныя.
Артур Міхальскі з’ехаў з Беларусі амаль два гады назад. Пакуль нічога не сведчыць аб тым, што дыпламат вернецца ў Мінск.
-Нашая задача – стала нагадваць, што ў Беларусі нічога не мяняецца ў лепшы бок, што сітуацыя стала пагаршаецца, што ёсць столькі палітвязняў. Іх вызваленне з’яўляецца галоўнай і непадважальнай умовай, каб можна было пачаць размовы. Сітуацыя, калі сядзяць людзі, адзінай віной якіх з’яўляецца тое, што яны хочуць свабоду і любяць сваю краіну, непрымальная. Людзі, ад якіх гэта залежыць, павінны зразумець, што ў інтарэсах Беларусі, не ў інтарэсе Захаду, знаходзіцца вызваленне ўсіх людзей, якія няслушна сядзяць у турмах. Гэта ўмова для зменаў у лепшы бок, дэмакратызацыі грамадства і дзяржавы. А гэта Беларусі вельмі патрэбна, асабліва ў цяперашняй сітуацыі.
Фундаментальным элементам у адносінах Польшчы і Беларусі з’яўляецца пытанне польскай нацыянальнай меншасці. Гэта гістарычная меншасць, якая там жыве стагоддзямі, і яна павінна мець права вучыць польскую мову, права на культываванне традыцый, але і права на сваю гістарычную памяць, гаворыць амбасадар.
- Апошнія гады з гэтым заўсёды былі праблемы, але цяпер сітуацыя асабліва кепская. Акрамя закрыцця адукацыйных пляцовак ёсць неверагодная колькасць прапаганды і хлусні пра цяперашнюю польскую палітыку і пра гісторыю. Я хачу адзначыць, што гэта надзвычай абсурдныя абвінавачванні, якія шкодзяць стасункам паміж народамі. Я ўсё ж веру, што прапаганда будзе мець абмежаваны ўплыў на беларускае грамадства. Беларуская палітыка наносіць вялікую шкоду не толькі польскай нацыянальнай меншасці, але і ўсім беларусам, нашым стасункам.
Негатыўнае стаўленне да польскай меншасці адчувалася заўсёды, у большай ці меншай ступені. У цяперашняй вострай фазе непрыязі да дыскрымінацыі дадалося знішчэнне магіл польскіх жаўнераў.
-Змаганне з памерлымі з’яўляецца глыбока незразумелым. Беларускія ўлады, хоць ведаюць праўду, маніпулююць фактамі. Яны паказваюць гэта як адказ на дэмантаж савецкіх помнікаў у Польшчы. Я хачу выразна падкрэсліць, і беларускія ўлады гэта ведаюць, у Польшчы адбыліся зносы савецкіх помнікаў, але ў Польшчы ніколі не было знішчэння магіл. У краіне каля 1200 месцаў пахавання савецкіх жаўнераў, якія спачываюць з мірам. Гэтыя могілкі пад аховаю. У Беларусі ж з зямлёй раўняюць могілкі. Гэта па-за разуменнем чалавека ХХІ стагоддзя ў Еўропе. Гэта чарговы прыклад, наколькі архаічным з’яўляецца спосаб мыслення.
Амбасадар Міхальскі перакананы, што змены ў Беларусі наступяць. Нягледзячы на розніцы, палякі і беларусы маюць падабенствы ў гісторыі. Досвед польскай «Салідарнасці» паказаў, што прыходзіць момант, калі ўвесь народ разам. Такі ўздым у Беларусі адбыўся ў жніўні 2020 году. І ён быў вельмі падобны да жніўня 1980 году ў Польшчы.
-Было шмат падабенстваў. Гэта пачуццё еднасці, пачуццё, што прыйшоў час сур’ёзных перамен. Народ больш не пагаджаўся, каб да яго так ставіліся. У Польшчы адбылася перамога. У Беларусі ў пэўным сэнсе таксама. Гэта была эмацыйная перамога. Польскі шлях быў доўгім. Пасля эўфарыі 80-га году наступіла ваеннае становішча. Некаторым здавалася, што гэта канец спадзяванняў на перамены. Спатрэбіліся некалькі гадоў, змены прыйшлі. І былі гэта фундаментальныя змены. Я глыбока веру, што немагчыма затрымаць імкненне народу да свабоды. Беларусы хочуць быць свабоднымі, і гэты момант наступіць. Не ведаю калі, бо я не прарок. Але ёсць тры фактары, якія паўплывалі на польскую перамогу ў 80-ыя. Гэта была моцная рашучасць народу, архаічнасць сістэмы і геапалітычныя змены. Можна гаварыць пра рашучасць беларусаў, пра поўную непрыстасаванасць беларускага рэжыму да сучаснага свету, пра надыход геапалітычных змен. Я вельмі спадзяюся, што ў выніку гэтых працэсаў Беларусь атрымае свой гістарычны шанец.
Дзякуем за размову.
слухайце аўдыё