Беларуская Служба

Амерыканскі чырвоны дыван пад нагамі расійскага людаеда. Пасляслоўе сустрэчы на Алясцы

16.08.2025 16:15
Шматлікія жэсты, у тым ліку зварот Трампа да Пуціна па імені, былі лішнімі.
      .
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп на Алясцы.Фота: PAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Ваенны злачынца, кіраўнік сучаснай Імперыі зла, ступае па чырвоным дыване на амерыканскай зямлі, а затым садзіцца ў лімузін лідара Свабоднага свету. Гэтая карцінка можа выклікаць толькі адно пачуццё: агіду. Аднак, холадна аналізуючы сустрэчу на Алясцы, можна ўздыхнуць з палёгкай, бо магло быць і горш. Украіна не была прададзеная Пуціну, не адбылося Мюнхенскае пагадненне XXI стагоддзя. Пакуль што.

Пуцін дасягнуў дзвюх мэтаў. Па-першае, была закончана яго дыпламатычная ізаляцыя. Праўда, расійскі дыктатар здзейсніў шэраг замежных візітаў ужо пасля пачатку поўнамаштабнага нападзення на Украіну, але яны абмяжоўваліся галоўным чынам постсавецкай прасторай і некалькімі дзяржавамі, якія фармуюць аўтарытарную вось зла, як, напрыклад, КНДР ці Кітай. Калі не лічыць удзелу ў саміце АДКБ у дэмакратычнай Арменіі ў лістападзе 2022 года, то паездка на Аляску была першым візітам расійскага злачынцы ў Свабодны Свет. Што горш – яго сустрэлі з пампезнасцю і гасціннасцю. Шматлікія жэсты, у тым ліку зварот Трампа да Пуціна па імені, былі залішнімі і выклікалі глыбокую агіду.

Можна зразумець намеры амерыканскага лідара

Трамп спадзяваўся, што сяброўская атмасфера схіліць расійскага госця да ўступак. Але гэта была значная наіўнасць, якая характэрная для стаўлення Трампа да Расіі з пачатку яго другога тэрміну паўнамоцтваў. Асноўнай памылкай было меркаванне, што дзеянні Пуціна могуць насіць рацыянальны характар паводле заходніх стандартаў. У любой нармальнай дэмакратычнай краіне 200 тысяч забітых, амаль мільён параненых і вялізныя эканамічныя страты прывялі б да пытанняў: «А ці было варта?». Асабліва калі тэрытарыяльныя здабыткі, мякка кажучы, сціплыя. Але Расія — не нармальная краіна, і для Пуціна ўсе гэтыя страты не маюць значэння. Для большасці расіян таксама, бо яны жывуць марамі пра імперыю.

Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя амерыканскі палітолаг Ганс Моргентау (Hans Morgenthau) пісаў пра гэты механізм праекцыі: калі ты нішто ў сваёй краіне, ты можаш ганарыцца тым, што твая краіна нібыта вялікая. Пры дыктатуры людзі пазбаўленыя ўплыву на ўладу, якая іх не шануе, яны жывуць у галечы, могуць піць самагон, закусваць яго салам, цыбуляй і бульбай, сядзець у паўразваленай хаце і слухаць прапагандысцкую балбатню пра тое, як усе кланяюцца магутнай «Матушцы Расіі».

Трамп жыве ілюзіямі

Трамп усё яшчэ марыць, што здолее перацягнуць Расію на свой бок у амерыкана-кітайскім саперніцтве за глабальнае першынства. Ён таксама мяркуе, што Масква можа паўплываць на Іран і прымусіць яго да саступак у ядзернай праграме. Гэта, вядома, чыстыя ілюзіі. Калі Трамп крыху змяніў сваё стаўленне да санкцый супраць Расіі і ўзбраення Украіны, здавалася, што ён нарэшце зразумеў сваю памылку. Але Трамп не любіць прызнаваць свае памылкі, нават перад самім сабой.

Прэс-канферэнцыя пасля перамоў дала Пуціну магчымасць выліць патокі млоснай рыторыкі пра «добрасуседскія адносіны» ЗША і Расіі і нават пра «сумесную спадчыну» на Алясцы. У той жа момант расійскія дроны зноў атакавалі ўкраінскіх мірных жыхароў. Пуцін казаў таксама пра нейкую дамову з ЗША, але ні ў яго, ні ў Трампа не прагучала ніякіх канкрэтных дэталяў. Гаспадар яшчэ і выратаваў свайго запэцканага крывёю госця ад нязручных пытанняў, якія маглі знішчыць «цёплы» настрой сустрэчы. Амерыканскія СМІ аднадушна крытыкавалі візіт Пуціна і звярталі ўвагу на расійскія правакацыі, як, напрыклад, вопратка Лаўрова з надпісам «СССР».

Трамп не разумее галоўнага: вайна ідзе не за некалькі абласцей на ўсходзе Украіны, а за адраджэнне імперыі.

Расія хоча перадышкі ў вайне, каб зняць санкцыі, аднавіць патэнцыял і ўдарыць ізноў. Пуцін атрымаў час. Трамп пагражаў Расіі жорсткімі санкцыямі, але пасля сустрэчы на Алясцы да гэтага пакуль не дойдзе. З іншага боку, Пуцін спадзяваўся на большае – перад усім, што Трамп пагодзіцца на захоп украінскіх тэрыторый, і тады віну за працяг вайны можна было б зваліць на Зяленскага. Да гэтага пакуль што не дайшло. Што будзе далей? Трамп сустрэнецца з Зяленскім і еўрапейскімі саюзнікамі, у тым ліку з Польшчы. А Пуцін запрасіў яго ў Маскву. Будзем спадзявацца, што да гэтага не дойдзе.

Пасля Другой сусветнай вайны прэзідэнт ЗША Гары Трумэн назваў СССР Імперыяй зла, якую трэба не задавальняць, а змагацца з ёй. Але яго пераемнік Дуайт Эйзенхаўэр змяніў падыход, і Хрушчоў у 1959 годзе прыехаў у ЗША. У выніку халодная вайна працягвалася, пакуль Імперыя зла не развалілася сама. Варта пра гэта памятаць і рабіць самае важнае: узбройвацца!

Вітольд Рэпетовіч (Witold Repetowicz)


Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адправіцца ў панядзелак у Вашынгтон на сустрэчу з Дональдам Трампам

16.08.2025 10:14
Украіна вітае трохбаковы фармат сустрэчы лідараў. 

Амерыканцы наіўныя, а Пуцін імкнецца адбудаваць СССР — польскі дыпламат пра сустрэчу на Алясцы

16.08.2025 11:16
Дональд Трамп заявіў, што ім удалося дасягнуць пагаднення як мінімум па некалькіх пытаннях.

Еўрапейскія лідары правялі тэлеканферэнцыю па выніках сустрэчы на Алясцы (ДАПОЎНЕНА)

16.08.2025 11:45
У ёй удзельнічалі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы.