Беларуская Служба

Ювелірную краму «Яхант» у Мінску рабавалі ўжо чатыры разы

18.08.2019 11:47
Першая спроба рабавання была яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, але тады злачынцы не змаглі давесці свой намер да канца.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock.com Forewer

Ювелірную краму «Яхант» у Мінску рабавалі ўжо чатыры разы. У суботу, 17 жніўня, быў учынены чацвёрты па ліку напад на ювелірную краму «Яхант» - піша "Наша Ніва".

– Першая спроба рабавання была яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, але тады злачынцы не змаглі давесці свой намер да канца, – узгадвае ветэран мінскай міліцыі Віктар Пякарскі. – У сярэдзіне 80-х «Яхант» усё ж такі абрабавалі, прычым сярод белага дня, але злачынцаў аператыўна затрымалі па прыкметах, якія добра запомнілі прадаўцы крамы.

Прыблізна па такім жа сцэнары развіваліся падзеі і ў канцы 90-х: працоўны дзень быў у самым разгары, калі ў ювелірную краму зайшлі два мужчыны ў чорных масках і са зброяй у руках.

– У краме «Яхант» спрацавала трывожная сігналізацыя, і я неадкладна накіраваў туды групу затрымання, – распавядае Юрый Мяцельскі, які ў тыя гады быў аператыўным дзяжурным АДС Цэнтральнага РАУС і кіраваў усімі міліцэйскімі нарадамі ў раёне. – Аднак рабаўнікі спрацавалі настолькі хутка і зладжана, што па гарачых слядах іх затрымаць не ўдалося. Вуліца Кісялёва ў той час была ціхай і нешматлюднай, і злачынцы гэтым скарысталіся.

Сума шкоды тады была вельмі вялікая.

Рабаўнікоў знайшлі ў Падмаскоўі толькі праз некалькі гадоў. Імі былі двое раней судзімых расейцаў. За злачынства яны адказалі перад судом.