Крамы бяспошліннага гандлю Duty Free з'явяцца яшчэ на чатырох пунктах пропуску на ўездзе ў Беларусь. Яны будуць размешчаны да зоны мытнага кантролю, паведамляе “Еўрарадыё” са спасылкай на Дзяржаўны мытны камітэт.
Іх плануецца адкрыць на мяжы з Літвой — у пункце пропуску "Катлоўка", на мяжы з Украінай — у пунктах пропуску "Новая Рудня" і "Макраны" і на мяжы з Польшчай у пункце пропуску "Казловічы".
У канцы снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 476, дзе сярод іншага адзначаецца, што на пункце пропуску можа быць толькі адна крама Duty Free.
Таксама ва ўказе гаворыцца, што крамы Duty Free павінны быць абсталяваны новым касавымі апаратамі. Яны павінны блакаваць продаж алкаголю і тытунёвай прадукцыі звыш устаноўленых нормаў іх бяспошліннага ўвозу фізічнымі асобамі.
"Іншымі словамі, у краме бяспошліннага гандлю нельга будзе набыць звыш 3 літраў алкаголю і 200 штук цыгарэт", — растлумачылі ў ДМК.
аз