Беларуская Служба

Рада ПЭН-цэнтру заклікае ўлады спыніць пераслед удзельнікаў пратэстаў

28.12.2019 16:41
«Рада Беларускага ПЭН-цэнтру выступае супраць парушэння права на свабоду выказвання», - адзначаецца ў заяве.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рада беларускага ПЭН-цэнтру выступіла з заявай да ўладаў з патрабаваннем спыніць пераслед удзельнікаў акцый у абарону незалежнасці Беларусі, перадае «Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

У заяве адзначаюць, што 26 і 27 снежня ў краіне пракацілася хваля затрыманняў удзельнікаў мірных акцый у абарону суверэнітэту Беларусі. Затрыманых судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суды выносілі рашэнні пра штрафы і адміністрацыйныя арышты (ад 5 да 10 сутак).

«Цягам апошніх двух тыдняў мы з’яўляліся сведкамі кампаніі па прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Павел Севярынец, грамадскі дзеяч і пісьменнік, асуджаны на 15 сутак і аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.275 рублёў).

30 снежня прызначаныя суды над сябрамі ПЭН-цэнтру пісьменнікамі Уладзімірам Някляевым і Уладзімірам Арловым.

Складзены пратакол на ганаровага старшыню беларускага ПЭН-цэнтру, перакладчыка, рэдактара, мовазнаўца Лявона Баршчэўскага.

«Рада Беларускага ПЭН-цэнтру выступае супраць парушэння права на свабоду выказвання, бо суды праходзяць у тым ліку і за інфармаванне грамадскасці пра акцыі ў сацыяльных сетках», — адзначаецца ў заяве.

На Аляксея Прохарава (Віцебск) складзены пратакол за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў «жывога ланцуга». Суд Віцебскага раёна вынес рашэнне — 5 базавых велічынь штрафу (127,5 рубля). У Гомелі блогера Сяргея Ціханоўскага (youtube-канал «Краіна для жыцця») арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. У Менску затрымалі блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON).

аз