Беларуская Служба

У Мінску міліцыя сарвала прагляд фільма – намінанта на прэмію «Оскар»

29.12.2019 10:10
Падчас мерапрыемства планавалася падпісаць паштоўкі палітвязням і актывістам, якія ў гэтыя дні былі асуджаны да адміністрацыйных арэштаў.
.
.фота: Новы Час

Увечары 28 снежня ў прасторы ZBS мусіў адбыцца прагляд фільма «Апошнія дні Сафі Шоль», арганізаваны ініцыятывай #dissidentby. Падчас мерапрыемства планавалася падпісаць паштоўкі палітвязням і актывістам, якія ў гэтыя дні былі асуджаны да адміністрацыйных арэштаў, паведамляе «Новы Час».

Але літаральна перад пачаткам прагляду ў каворкінг уварваліся міліцыянты. Яны патрабавалі спыніць прагляд, пагражалі прысутным затрыманнямі, перапісалі пашпартныя дадзеныя.

«Апошнія дні Сафіі Шоль» – кінафільм рэжысёра Марка Ротэмунда, які выйшаў на экраны ў 2005 годзе. Фільм распавядае пра апошнія дні Сафі Шоль, удзельніцы антынацысцкай групы «Белая ружа».

Фільм атрымаў узнагароды прэстыжных еўрапейскіх кінафестываляў, у 2006 годзе быў намінаваны на прэмію «Оскар», як лепшы фільм на замежнай мове.

Як паведамляе Telegram-канал «Прававая ініцыятыва», міліцыянты збіраліся скласці на ўсіх прысутных пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП, але затым адпусцілі са словамі «шукайце іншае месца».

ав