Выйсці 29 снежня на Кастрычніцкую плошчу заклікаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец. З 26 снежня ён адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт за ўдзел у папярэдніх акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй.
Праціўнікі інтэграцыі сабраліся днём 29 снежня на Кастрычніцкай плошчы. Некаторыя з удзельнікаў акцыі дасталі плакаты з патрабаваннем вызваліць апазіцыйных актывістаў, якія адбываюць адміністрацыйныя арышты за папярэднія акцыі пратэсту, а таксама іх партрэты. Акрамя Паўла Севярынца сярод арыштаваных – Алена Таўстая, Максім Вінярскі, Дзяніс Урбановіч, Яўген Афнагель, Стас Шашок, Леанід Кулакоў. Яны пакараныя арыштамі на тэрмін ад 5 да 15 сутак.
Як заявіла, выступаючы перад прысутнымі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Вольга Кавалькова, «сёння людзі, якія актыўна выступаюць за свабоду, правы чалавека і незалежнасць, знаходзяцца ў турмах». «Яны – героі, яны не злачынцы. Сёння злачынцы – гэта рэжым і тыя людзі, якія фіксуюць нас на камеры, складаюць пратаколы, выклікаюць у суды і судзяць за тое, што мы жадаем жыць годна, за тое, што мы выходзім на мірныя акцыі пратэсту, каб выказаць сваё меркаванне», – падкрэсліла Кавалькова.
Несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы праходзіў у фармаце вольнага мікрафона.
«Мы патрабуем, каб нашай радзімай не гандлявалі. Мы катэгарычна супраць саюзу з імперскай Расіяй. Мы выдатна разумеем, што саюз з Расеяй – гэта вайна і галеча», – заявіў, выступаючы перад прысутнымі, сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
Затым удзельнікі акцыі адправіліся на плошчу Незалежнасці. Дэманстранты скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!», выкрыквалі прозвішчы актывістаў, арыштаваных за ўдзел у папярэдніх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі. Звяртаючыся да мінакоў, яны заклікалі іх далучацца да акцыі, скандуючы «Далучайся!» Па дадзеных назіральнікаў-праваабаронцаў, у акцыі прынялі ўдзел каля 150 чалавек.
Пасля заканчэння мітынгу прысутныя, трымаючы бел-чырвона-белыя сцягі, стварылі «жывы ланцуг».
ав
.
.
.
.