Беларуская Служба

Плaтформа «Голас» адказала на абвінавачанні Ярмошынай і пракуратуры

08.08.2020 08:47
Старшыня ЦВК заявіла, што дзейнасць інтэрнэт-платформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зʼяўляецца «стварэннем ценевага Цэнтрвыбаркаму».
  2020
Прэзідэнцкія выбары 2020radyjo.net

На сайце платформы «Голас», якая заклікае высылаць фота запоўненых бюлетэняў для галасавання, з'явілася заява з рэакцыяй на абвінавачанні старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі і абяцаннем апублікаваць зыходны код сэрвісу пасля выбараў, паведамляе Свабода. На платформе зарэгістраваліся каля 1 млн чалавек.

Стваральнікі платформы «Голас» адказалі, што мэта платформы – пераканацца ў дакладнасці афіцыйных вынікаў, таму што давер да ЦВК падае, бо камісія «блакуе любыя спробы беларусаў павысіць празрыстасць выбарчага працэсу».
Таксама адзначаецца, што «Голас» не «займаецца правядзеньнем сацапытаньняў і галоўнае – не заклікае да масавых беспарадкаў».
Падкрэсліваецца, што платформа ня можа сказіць вынікі выбараў, бо «ўвесь масіў фотаздымкаў бюлетэняў уносяць самі выбарнікі».

Нагадаем, 6 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасці ініцыятываў у альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах у Беларусі.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасць інтэрнэт-платформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зʼяўляецца «стварэннем ценевага Цэнтрвыбаркаму».

У Генеральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-платформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць удзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеннем сацыялагічных апытанняў і даследаванняў без акрэдытацыі.

яс