Беларуская Служба

Мінскі гарадскі суд пакінуў палітзняволеных Марыю Калеснікаву і Іллю Салея пад вартай

21.09.2020 17:48
Падтрымаць Марыю Калеснікаву, яе бацьку і іншага зняволенага чальца рады Іллю Салея ў суд прыйшлі сябры, калегі, аднадумцы, а таксама амбасадары і прадстаўнікі еўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў.
Марыя Калеснікавакрыніца: відэа штабу В.Бабарыкі

21 верасня Мінскі гарадскі суд разглядаў скаргу абароны Марыі Калеснікавай і Іллі Салея на заключэнне пад варту. Пасля пасяджэння, якое доўжылася больш за тры гадзіны, Мінскі гарадскі суд адмовіў у скарзе абароны Марыі Калеснікавай на меру стрымання ў выглядзе арышту.

Пра гэта Свабодзе паведаміла адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак.
«Прычыны не былі патлумачаныя суддзёй. Калі мы атрымаем пастанову, будзем далей яе абскарджваць у Вярхоўным судзе», – сказала Людміла Казак.

Марыя Калеснікава ўдзельнічала ў пасяджэнні суду праз відэасувязь, дадала адвакатка: «Яна выглядала цудоўна, была бадзёрая, вітала ўсіх. І ўсе ў залі адказалі ёй гучнымі апладысментамі, што не спадабалася суддзі».

У тым ліку яна вітала свайго бацьку Аляксея і заходніх амбасадараў і дыпламатаў, якія прыбылі на пасяджэнне і дачакаліся выраку. Дыпламаты мелі значкі «Свабоду палітвязням».

Паколькі суд не задаволіў скаргу, якую падала адвакатка Людміла Казак, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава застанецца ў СІЗА.
Марыю Калеснікаву затрымалі 8 верасня падчас няўдалай спробы спецслужбаў вывезці яе ва Украіну.

Падтрымаць Марыю Калеснікаву, яе бацьку і іншага зняволенага чальца рады Іллю Салея ў суд прыйшлі сябры, калегі, аднадумцы, а таксама амбасадары і прадстаўнікі еўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў.

Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады Ілля Салей таксама застанецца за кратамі. Ягоную скаргу на ўтрыманне пад вартай Мінскі гарадскі суд таксама не задаволіў.

Радыё Свабода/ав