Беларуская Служба

За ўдзел у пратэстах у Беларусі асудзілі прафесара Варшаўскага ўніверсітэта

23.10.2020 17:40
Зачыталі толькі паказанні двух міліцыянтаў, якія былі напісаны нібы пад капірку.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Прафесара Варшаўскага ўніверсітэта і прафесара Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Алеся Смалянчука ў гродзенскім судзе аштрафавалі на 270 рублёў за ўдзел у пратэстнай акцыі.

Прафесара Смалянчука абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, праўда, у судзе супраць яго ніхто не сведчыў.

Зачыталі толькі паказанні двух міліцыянтаў, якія былі напісаны нібы пад капірку.
Прафесар у сваю чаргу ні ў чым не апраўдваўся. Ён распавёў суду, што прысутнічаў на акцыі і пратэставаў супраць тае несправядлівасці, якая адбываецца ў Беларусі.

Суд аднак яго паказанні да ўвагі не прыняў, а згодна з аднолькавымі міліцэйскімі пратаколамі вынес рашэнне аштрафаваць прафесара на 270 рублёў.

«Пакаралі, але за што пакаралі? За тое, што чалавек мае сваю пазіцыю і фактычна з’яўляецца патрыётам Беларусі? Праўда не лукашыскай Беларусі, а дэмакратычнай, свабоднай, суверэннай. І за гэта сёння ў Беларусі караюць».

Алесь Смалянчук аўтар кніг пра гісторыю Гродзеншчыны. Сёлета быў узнагароджаны прэміяй Францішка Багушэвіча за цудоўнейшую манаграфію пра Рамана Скірмунта.

Алесь Завіноўскі, Гродна