Беларуская Служба

Ціханоўская аб трагедыі ў мінскім метро: рэжым зрабіў усё, каб беларусы зноў баяліся хадзіць па вуліцах

11.04.2021 13:12
«11 красавіка 2011 года была падарваная наша бяспека», – заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў 10-ю гадавіну выбуху ў мінскім метро.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org


У звароце, размешчаным у телеграм-канале Ціханоўскай, яна нагадала, што ад выбуху ў метро загінулі 15 чалавек і больш за 400 пацярпелі. «Гэтыя сухія лічбы са зводак навін не здольныя апісаць той жах, які зведалі сотні сем'яў і ўся Беларусь», – адзначыла Ціханоўская.

«11 красавіка 2011 года быў падарваны наш давер да суда. Падазраваных знайшлі за лічаныя дні. Іх судзілі, нягледзячы на мноства нестыковак, а смяротны прысуд прывялі ў выкананне так хутка, што многія не паверылі ў сумленнасць правасуддзя», – заявіла дэмакратычны лідар.

«11 красавіка 2011 года была падарваная тая самая стабільнасць. Увесь Мінск быў напалоханы, мабільная сувязь не працавала ад перагрузак, людзі шукалі родных па бальніцах і не разумелі, што адбываецца, таму што замест навін чулі жудасныя чуткі. З таго дня мы яшчэ вельмі доўга не адчувалі сябе ў бяспецы», – адзначыла яна.

Па словах Ціханоўскай, «прайшло 10 гадоў – і рэжым зрабіў усё, каб беларусы зноў баяліся хадзіць па вуліцах сваіх гарадоў, не мелі ўпэўненасці ў тым, што будзе заўтра, і былі пазбаўленыя абароны законам».

У выніку тэракту, які быў здзейснены 11 красавіка 2011 года ў 17.50 на станцыі «Кастрычніцкая» Мінскага метрапалітэна загінулі 15 чалавек, больш за 400 – пацярпелі, з іх цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі больш за 30 чалавек.

Фактычна праз суткі пасля тэракту, увечары 12 красавіка, былі затрыманыя падазраваныя, 25-гадовыя выхадцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя абвінавачванні ў здзяйсненні тэракту ў метро пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.

Іх прыгаварылі да смяротнага пакарання.

Праваабаронцы і міжнародныя структуры, у тым ліку Еўрасаюз, парламенцкія асамблеі Савета Еўропы і АБСЕ, заклікалі Лукашэнку перагледзець рашэнне аб адмове ў памілаванні Кавалёва і Канавалава. Усе яны ўказвалі на тое, што судовы працэс над Кавалёвым і Канавалавым пакінуў занадта шмат пытанняў.

ав/naviny.by