Беларуская Служба

У мінскай філармоніі пасля даносу скасавалі канцэрты памяці ахвяр Халакосту

04.12.2021 15:08
Канцэрты памяці ахвяраў Халакосту ладзіліся ў Мінску і іншых гарадах Беларусі з 2018 года.
Фрагмент афішы канцэрту Фота RFE/RL

На сёлетнія канцэрты ў Мінску быў запрошаны дырыжор з Аўстрыі.

Нехта Іван Нікіфараў накіраваў 30 лістапада па электроннай пошце ў Міністэрства культуры Беларусі ліст наступнага зместу:

«Так званыя «праекты» – «Жоўтыя зоркі», «Пакуль не ідуць тытры» і іншыя (Мінск, Брэсті г. д.) падаюцца як дабрачынныя, але насамрэч сродкі ад іх ідуць на падтрымку апазіцыйных арганізацый (напрыклад, Гродзенскі  хоспіс), і прыцягваюцца артысты, якія бяруць удзел у апазіцыйных акцыях.

Раптам аказваецца, што сёлета арганізатар Ганна Лянькова запланавала іх у Белдзяржфілармоніі. Трэба спыніць гэтую дзейнасць ва ўсіх дзяржаўных канцэртных арганізацыях, ня толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах».

Фота звароту ў Мінкульт Фота звароту Нікіфарава ў Мінкульт

У адказ на гэты зварот начальніца галоўнай управы дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга накіравала ліст генеральнаму дырэктару Белдзяржфілярмоніі з загадам разабрацца і праінфармаваць заяўніка і Міністэрства культуры.

Пасля разбору ў той жа дзень, 2 снежня, стала вядома, што канцэрты 20 і 22 снежня ў Белдзяржфілармоніі скасаваныя.

Вядома, што арганізатарка канцэртаў Ганна Лянькова – унучка «праведнікаў народаў свету».

Гэтае званне дзяржава Ізраіль надае тым, хто ў Другую сусветную вайну ратаваў габрэяў.

 

Леташні канцэрт «Жоўтыя зоркі».

Паводле "Радыё Свабода" / вх