Беларуская Служба

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі падрыхтавала справаздачу аб экстранай пасадцы самалёта Ryanair у Мінску

18.01.2022 15:09
Справаздача ICAO ўтрымлівае толькі факты — без высноў і абвінавачванняў.
Samolot linii Ryanair zatrzymany na lotnisku w Mińsku
Samolot linii Ryanair zatrzymany na lotnisku w MińskuPAP/EPA/ONLINER.BY

У справаздачы паведамляецца пра неадпаведнасць рэчаіснасці паказанняў беларускіх уладаў аб часе атрымання ананімнага ліста. У ім гаварылася аб магчымым мініраванні паветранага судна, што прывяло да экстранай пасадкі борта ў сталіцы Беларусі, пасля чаго быў затрыманы Раман Пратасевіч і Софія Сапега.

Электронны ліст пра пагрозу выбуху паступіў у аэрапорт Мінска ў 12:56:45 па мясцовым часе (калі самалёт ужо рыхтаваўся да экстранай пасадкі). Аднак Беларусь прадставіла ў ICAO скрыншот ліста з іншым часам атрымання — 12:25.

Даследчая група ICAO асобна адзначае, што Мінск адправіў ёй толькі скрыншот ліста, так што праверыць яго метаданыя было немагчыма.

Зазначаецца, што ўсяго было шэсць лістоў з аднолькавымі пагрозамі — у аэрапорты Вільні, Мінска, Сафіі, Бухарэста, Кіева і Афін.

Але ў апошнія два ананімныя лісты так і не дайшлі. У аэрапорце Вільні ліст знайшлі толькі на наступны дзень — у панядзелак, бо ў выхадныя пошту не правяралі.

Але беларускі дыспетчар паведаміў экіпажу, што электронны ліст быў адпраўлены некалькім аэрапортам каля 12:30 паводле мінскага часу. Адкуль ён даведаўся пра гэта, невядома, бо першы ліст пра пагрозу паступіў у аэрапорт Вільні а 12:25 (у Сафію і Бухарэст у 12:27 і 12:28 адпаведна).

Таксама ў справаздачы гаворыцца аб некалькіх выпадках невыканання беларускімі ўладамі стандартных працэдур.

Правілы бяспекі патрабуюць, каб і пасажыры, і экіпаж у выпадку пагрозы выбуху пакінулі самалёт. Аднак, згодна з пісьмовымі і вуснымі заявамі экіпажа Ryanair, пасля пасадкі наземны персанал мінскага аэрапорта сказаў ім, што адзін з членаў экіпажа павінен заставацца на борце, пакуль будзе праводзіцца вобшук самалёта.

Паведамляецца, што работнікі аэрапорта заявілі, што ёсць правілы паветранай гавані, і экіпаж павінен рабіць тое, што скажуць яе супрацоўнікі. Пры гэтым дыспетчар аэрапорта Мінска заявіў, што рашэнне пакінуць аднаго члена экіпажа на борце паветранага судна было прынятае экіпажам. Акрамя таго, быў парушаны і пратакол аб паведамленні кода «чырвоны».

Таксама, адзначаюць у ICAO, што КДБ у выпадку з рэйсам Ryanair не ўвёў рэжыму антытэрарыстычнай аперацыі, нягледзячы на паведамленне пра бомбу на борце.

Справаздача ICAO ўтрымлівае толькі факты — без высноў і абвінавачванняў. Дакумент паступіў на разгляд 193 дзяржаў-членаў арганізацыі. Што рабіць з гэтай інфармацыяй, рада будзе вырашаць 31 студзеня.

яс