Беларуская Служба

У Беларусі выраслі нормы бяспошліннага ўвозу на мяжы 

29.04.2022 13:50
З сённяшняга дня беларусы могуць увозіць багаж коштам 1000 еўра і вагой да 31 кг.
Ілюстрацыйны здымакGlow Images/East News

 Гэта чарговае павелічэнне норм, якое ўводзяць улады.

З красавіка 2016 года ў Беларусі дзейнічала абмежаванне для тых, хто перасякае мяжу часцей, чым раз на тры месяцы, на бяспошлінны ўвоз таварам. Ім дазвалялася ўвозіць тавары на суму 300 еўра вагой не больш за 20 кг. У 2020 годзе дадзенае абмежаванне было адмененае і ўведзена больш “лагодная” норма. Стала можна ўвозіць багаж коштам да 500 еўра і вагой да 25 кг і часцей чым раз на тры месяцы. З канцом красавіка ўлады яшчэ больш залагодзілі абмежаванні. Новыя нормы — 1000 еўра і 31 кг.

Пры гэтым, калі вага тавараў будзе вышэйшая за норму, пошліну палічаць па 4 еўра за кожны лішні кілаграм. Калі перавышэнне будзе па кошце, то разлік просты: ад сумы тавараў аднімуць 1000 еўра і на рэшту налічаць пошліну ў памеры 30%.

Таксама скараціліся і абмежаванні па часе на ўвоз тавараў. Раней тэлевізар можна было правозіць раз на тры гады, а шыны — раз на два. Цяпер тэлевізар можна вазіць ужо кожны год, а тэлефонаў — адразу па два на год.

Улады заяўляюць, што новыя правілы —часовая норма, якая будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка 2022 года, паведамляе Наша Ніва.

юл