Беларуская Служба

18 траўня пачнуць судзіць так званую «групу Аўтуховіча»

17.05.2022 14:20
Працэс пройдзе на тэрыторыі гродзенскай турмы №1.
Мікалай Аўтуховічspring96.org

18 траўня мае пачацца судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую «групу Аўтуховіча» і вінавацяць, у тым ліку, у тэрарызме, - паведамляе Белсат. Самому Аўтуховічу выставілі 10 артыкулаў. Разбіраць справу меліся ў Гродзенскім абласным судзе, але за тыдзень да пачатку ўлады перанеслі працэс на тэрыторыю гродзенскай турмы №1.

Тое, што суд пройдзе на турэмнай тэрыторыі, пацвердзіла дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына і дачка яшчэ аднаго фігуранта справы – Уладзіміра Гундара. Абедзве спасылаюцца на інфармацыю, атрыманую ад адвакатаў. Адзін з іх меў нядаўна размову з суддзём, які будзе разглядаць справу, і той паведаміў, што суд «плануецца быць адкрытым».

«Гэта фармальна дасць ім права казаць пра адкрыты суд. Але, у такім выпадку, хутчэй за ўсё, адкрыты ён будзе толькі для БТ і, магчыма, для бліжэйшых сваякоў вязняў», – каментуе інфармацыю аб пераносе суду на тэрыторыю турмы праваабаронца Васіль Завадскі.

Каб трапіць на судовае пасяджэнне, трэба будзе атрымаць дазвол ад начальніка турмы №1 у Горадні. Досвед такіх «адкрытых» судоў паказвае, што атрымаць дазвол будзе вельмі праблематычна.

Справу «групы Аўтуховіча», як паведамляюць праваабаронцы, будзе разбіраць суддзя Максім Філатаў. Той самы, які 18 студзеня 2021 году ў Лідзе вынес прысуд актывісту Вітольду Ашурку. Пасля таго суду Філатаў пайшоў на павышэнне, і цяпер ён працуе ў Гарадзенскім абласным судзе. Яму даверылі справу Аўтуховіча.

Па справе таксама праходзяць Уладзімір Гундар (ужо асуджаны да трох гадоў калоніі паводле арт. 366 КК), Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы.

Паводле інфармацыі, пададзенай Генпракуратурай РБ з нагоды перадачы справы ў суд, абвінавачаным агулам інкрымінуюць 12 злачынстваў, сярод якіх – «акт тэрарызму». Пакаранне за яго прадугледжвае ч.3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу РБ. Гэта – «расстрэльны» артыкул.

яс