Беларуская Служба

Палітзняволеная Кацярына Андрэева атрымала ліст са словамі падтрымкі ад лідара ДДТ

08.09.2022 11:47
Журналістка прызналася, што была кранутая да слёз падарункам і словамі падтрымкі.
Гурт ДДТфота: старонка Facebook Ігара Ільяша

Лідар расійскага гурта ДДТ Юрый Шаўчук падтрымаў беларускую палітзняволеную Кацярыну Андрэеву.

Журналістка атрымала пасланне ад музыкі – аўтарскі шарж, на якім было напісана «Мы з табой».

Пра гэты падарунак Кацярына расказала ў лісце да родных, кажа яе муж Ігар Ільяш. Журналістка прызналася, што была кранутая да слёз падарункам і словамі падтрымкі. Гэта падтрымка «ад найлепшага, на маю думку, сучаснага рускага паэта і любімага выканаўцы, годнага чалавека і грамадзяніна – гэта тое, што неверагодна ўмацоўвае дух», піша Кацярына.

Яна таксама расказала, што пасля таго, як была пазбаўленая магчымасці слухаць музыку, пракручвае яе ў галаве – па памяці. «І на самых стромкіх паваротах маршрута ў галаве заўсёды граў ДДТ, – кажа Кацярына

Яна таксама падзякавала Юрыю Шаўчуку за яго антываенную пазіцыю. Нагадаем, лідара ДДТ у Расіі судзілі за »дыскрэдытацыю расійскай арміі«. Суд ва Уфе прызначыў яму штраф у 50 тысяч расійскіх рублёў ($815).

Падставай для разбіральніцтва стала антываеннае выказванне Шаўчука на адным з канцэртаў. Музыка тады заявіў, што »Радзіма, сябры, – гэта не дупа прэзідэнта, якую трэба пастаянна цалаваць«.

Еўрарадыё/нг