Беларуская Служба

Лукашэнка прыехаў у Абхазію абмеркаваць «пытанні двухбаковай супрацы і бягучыя пагрозы»

28.09.2022 14:39
Дагэтуль Беларусь так і не прызнала незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
         -  .
З правага боку ад Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман і прэс-сакратар Наталля Эйсмант. Фота: apsnypress.info

А. Лукашэнка прыбыў з неафіцыйным візітам у самаабвешчаную Абхазію. Пра гэта паведаміла 28 верасня інфармацыйнае агенцтва «Апсныпрэс» са спасылкай на МЗС Абхазіі. Інфармацыю выданню "Зеркало" пацвердзілі ў Адміністрацыі кіраўніка часткова прызнанага рэгіёна.

«У гэты час ідзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Рэспублікі Абхазія Аслана Бжанія. На парадку дня пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, аналіз міжнароднай сітуацыі, бягучых выклікаў і пагроз», – піша Апсныпрэс.

У Адміністрацыі Бжаніі паведамілі, што сустрэча праходзіць за горадам.

Раней у сацсетках з'явіліся відэакадры картэжа, які перамяшчаецца па Абхазіі ў суправаджэнні машын дарожна-патрульнай службы. Telegram-канал Амра-life паведаміў, што «картэж з прэзідэнтам сяброўскай краіны ўжо праехаў Гагру». D News Abkhazia выказаў здагадку, што «сустрэча госця пройдзе ў Піцундзе».

Вядома, што самалёт Лукашэнка вылецеў у Сочы яшчэ 25 верасня. На наступны дзень падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка выказаўся наконт частковай мабілізацыі ў РФ, імпартазамяшчэнні, санкцыях. 27 верасня ў Крамлі паведамілі, што Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка працягваюць зносіны. Прэс-служба Лукашэнкі і набліжаныя да яго адміністрацыі тэлеграм-канал «Пул першага» другія суткі наконт яго праграмы маўчаць.

Нагадаем, у канцы жніўня 2022 года кіраўнік самаабвешчанай Абхазіі Аслан Бжанія заявіў, што яго рэгіён гатовы «далучыцца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі».

7 лютага 2022 года падчас інтэрвʼю Уладзімір Салаўёў задаў Аляксандру Лукашэнку пытанне, калі ён прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію. Той у адказ не выключыў, што гэта можа адбыцца:

«А ў гэтым ёсць нейкая патрэба жыццёвая? Як толькі я зразумею, што ў гэтым ёсць неабходнасць і прэзідэнт [Расіі] скажа мне, што ёсць неабходнасць…» – сказаў палітык.

У той жа дзень на гэтую заяву адрэагавалі ў МЗС Грузіі. Прэс-сакратар грузінскага знешнепалітычнага ведамства Марыям Нарчэмашвілі заявіла, што пытанне прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларуссю «не стаіць на парадку дня з улікам грузіна-беларускіх двухбаковых адносін», пісала ТАСС.

«З улікам двухбаковых адносін паміж Грузіяй і Беларуссю пытанне прызнання так званай незалежнасці тэрыторый Грузіі – Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёна (Паўднёвая Асеція) – не стаіць на парадку дня, і ў гэтым плане Беларусь застаецца верная фундаментальным прынцыпам міжнароднага права», – гаварылася ў распаўсюджаным 7 лютага заяве Нарчэмашвілі.

У жніўні 2008 года, пасля вайны паміж Расіяй і Грузіяй і зʼяўлення дзвюх самаабвешчаных рэспублік – Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з іх прэзідэнтамі ў Сочы. Аднак у далейшым Беларусь так і не прызнала незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі: Лукашэнка не раз даваў зразумець, што гэта немэтазгодна для краіны.

нг