Беларуская Служба

У Беларусі пачаўся восеньскі прызыў. У першы дзень у войскі накіравалі каля 1000 прызыўнікоў

20.10.2022 11:50
Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку-лістападзе плануецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек.
Ілюстрацыйны здымакфота: Kosmogenez/ Shutterstock

Ва Узброеных Сілах Беларусі пачалася адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве, у злучэнні і вайсковыя часткі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь - паведамляе Радыё Свабода.

У першы дзень у войскі накіравалі каля 1000 прызыўнікоў, якія папоўняць шэрагі сіл спецыяльных аперацый, 72 АУЦ і Менскай вайсковай камендатуры. Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку-лістападзе плануецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек.

Акрамя таго, для праходжання службы ў рэзерве ў гэты ж перыяд плануецца накіраваць каля 200 чалавек.

На прызыўныя камісіі восенню падлягаюць прызыву каля 60 тысяч маладых людзей.

«Мерапрыемствы па прызыве арганізуюцца і праводзяцца згодна з заканадаўствам, без якіх-небудзь змяненняў», – паведамілі ў Міністэрстве абароны.

Адпраўка новага папаўнення ў войскі з абласных (Менскага гарадскога) зборных пунктаў краіны, якая пачалася 20 кастрычніка, прадоўжыцца: ва Ўзброеныя Сілы – па 4 лістапада, іншыя войскі і вайсковыя фармаванні – па 30 лістапада 2022 году.

Раней улады Беларусі давалі шэраг версій і абвяржэнняў рэжыму «контртэрарыстычнай аперацыі», нібыта абвешчанаму ў краіне. Пра мабілізацыю ў краіне афіцыйна не заяўлялі.

нг