Беларуская Служба

Дар’ю Лосік ня выпусцілі з-пад варты

21.10.2022 14:12
Яна застаецца ў зняволенні ў брэсцкім СІЗА.
Ілюстрацыйны здымакНаша Ніва/t.me/nashaniva

Жонку палітвязня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.

Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.

Дэпутат нямецкага бундэстага стаў сімвалічным «хросным» Дар'і Лосік.

 «Дар'я — змагарка за свабоду, дэмакратыю і справядлівасць. Больш за два гады яна нястомна змагаецца за вызваленне свайго мужа, блогера Ігара Лосіка. За гэту мужнасць і пачуццё справядлівасці Дар'я цяпер павінна расплачвацца сваёй свабодай. У Ігара і Дар'і ёсць маленькая дачка Паўліна, якая разам з татам будзе кожны дзень сумаваць па маці. Арышт Дар'і яшчэ раз паказвае пачварнае аблічча дыктатуры Лукашэнкі.

 Ужо ў кастрычніку 2021 я стаў «хросным» Ігара Лосіка. Таму для мяне само сабой зразумелае — падтрымліваць вызваленне Дар'і столькі, колькі трэба. Паліне патрэбны бацькі. Беларусі патрэбны такія смелыя дэмакраты, як Ігар і Дар'я. Еўропе патрэбны канец злачыннаму рэжыму Лукашэнкі», — напісаў дэпутат нямецкага Бундэстага Робін Вагенер.

юл