Беларуская Служба

Польскае МУС: Плот на польска-беларускай мяжы спрацуе на пачатку студзеня

31.10.2022 15:09
Рэжым у Мінску пастаянна спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўрасаюзе, лічыць віцэ-міністр Мацей Вонсік.
-
Польска-беларуская мяжафота: Памежная служба

Заканчваецца будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю, паведаміў надоечы ў Сейме намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. Паводле Мацея Вонсіка(Maciej Wąsik) першыя часткі інвестыцыі будуць афіцыйна здадзены ў эксплуатацыю ў палове лістапада:

- Першыя часткі камплектнай агароджы – з сістэмай маніторынгу, будуць здадзеныя ў эксплуатацыю пасля 11 лістапада. Гаворка ідзе пра 35 кіламетраў сцяны. Плануем, што да канца лістапада ў эксплуатацыю будзе здадзены ўвесь плот. Паводле падрадчыка, агароджа поўнасцю спрацуе ў студзені будучага года.

Намеснік кіраўніка польскага МУС і адміністрацыі дадаў, што ў параўнанні з восенню мінулага года, зараз можна казаць аб адносным спакоі на польска-беларускай мяжы. Аднак Мацей Вонсік падкрэсліў, што рэжым у Мінску пастаянна спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўрасаюзе. Пра гэта сведчыць рост хвалі нелегальнай міграцыі праз Балканы:

- Сёння мы бачым, што паўночны шлях нелегальнай міграцыі, які планавалі стварыць Лукашэнка і Пуцін – праз Літву, Латвію, Польшчу сутыкнуўся з перашкодамі. Зараз галоўны шлях міграцыі – гэта Балканы – сербска-вугорская мяжа, дзе кожны дзень фіксуецца да тысячы спробаў нелегальнага перасячэння. У сувязі з гэтым Чэхія вярнула памежны кантроль на мяжы са Славакіяй.

Цяпер польска-беларускую мяжу ахоўваюць супрацоўнікі Памежнай службы, паліцыі і войска, у прыватнасці дзве тысячы памежнікаў, некалькі сотняў паліцыянтаў і больш за 1 300 жаўнераў.

IAR/аз