Беларуская Служба

Палітвязня асудзілі на 2 гады калоніі па «справе Зельцэра»

08.11.2022 15:21
Сяргея Рындзевіча асудзілі за каментар пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/viasna96

У Мінскім гарадскім судзе асудзілі  палітзняволенага Сяргея Рындзевіча паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Яму прызначылі 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 200 базавых велічынь (6400 рублёў). Справу разглядаў суддзя Сяргей Хрыпач.

Сяргея затрымалі 1 кастрычніка 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

У аўторак у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы за каментары па справе Зельцэра. Лукашысты судзяць прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага, якога абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Вядома, што Глеб пакінуў паведамленне «Димон ту-ду-ту» (паводле музыкі з фільма «Бумер»). Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.

Палітзняволены Глеб Гладкоўскі — вядомы ў Беларусі арганізатар кіназдымкаў з паветра квадракоптэрамі.

ПЦ "Вясна"/юл