Беларуская Служба

У Гомелі затрымалі футбольнага фаната за фота з БЧБ-сцягам, зробленае ў Нямеччыне

09.11.2022 08:04
Гамяльчаніна Аляксея Барсукова затрымалі сілавікі.
 .
Аляксей Барсукоў. Фота з тэлеграм-канала сілавікоў

Яны называюць Аляксея Барсукова лідарам фанацкай (у іх версіі – «неанацысцкай каляфутбольнай») групоўкі ФК «Гомель» і абвінавачваюць у распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пры гэтым сам мужчына ў «пакаяным» відэа, якое апублікавалі ў мясцовым неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК, кажа, што яго затрымалі за фота з бел-чырвона-белым сцягам, зробленае ў Нямеччыне.


«Я Барсукоў Аляксей, 1978 года нараджэння, жыхар Гомеля, знаходзячыся ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам, за што быў сёння затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, – казённымі фармулёўкамі кажа гамяльчанін на камеру. – Падчас дагляду былі знойдзеныя ў мяне таксама экстрэмісцкія падпіскі ў сацсетках».

На пытанне сілавіка, ці адносіцца ён да нейкай субкультуры, мужчына адказвае, што з'яўляецца «старым футбольным фанатам».

Сілавікі сцвярджаюць, што Барсукоў у 2020 годзе спрабаваў арганізаваць прыезд фанатаў «Дынама Кіеў» у Гомель для ўдзелу ў пратэстах. У ГУБАЗіК прыгразілі, што хутка прыйдуць да астатніх удзельнікаў фанацкай супольнасці ФК «Гомель», бо нібыта атрымалі пра іх «шмат цікавай інфармацыі».

На дадзены момант у дачыненні да Аляксея Барсукова склалі адміністрацыйны пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, ён знаходзіцца ў ІЧУ.

zerkalo.io / вх