Беларуская Служба

Колькі вінная Беларусь? Найбольшы доўг у дзяржавы

21.12.2022 14:12
Урад прыкладае ўсё больш намаганняў, каб мы ведалі як мага менш ва ўсіх сферах.
     .
Графік выплат па знешняму доўгу Беларусі.Фота: t.me/naszyhroszy

Калі ў ЗША дзяржаўны доўг – лічба, якая пастаянна змяняецца, на табло, якое размешчана на адной з вуліц Нью Йорка, то ў Беларусі з нядаўніх часоў гэта інфармацыя, якой дзеляцца неахвотна. Але ўсё ж сёе-тое прасочваецца для шырокай аўдыторыі.

Аўтары праекта «Кошт ураду» разабраліся, што адбываецца з валавым знешнім доўгам Беларусі – гэта паказчык, які ўключае ў сябе знешнія даўгі дзяржавы, банкаў і бізнесу, а таксама прамыя інвестыцыі ў выглядзе міжфірменнага крэдытавання. Такія дадзеныя публікуюць раз на квартал, апошнія з'явіліся нядаўна.

Сумарна валавы знешні доўг Беларусі за апошні год нават крыху знізіўся, але пры гэтым застаецца дастаткова вялікім: $41,5 млрд па асноўным доўгу і $8,9 млрд па працэнтах. Пазыкаў у краіны становіцца менш не таму, што мы перасталі мець патрэбу ў крэдытах, а таму, што нам перасталі даваць у доўг. Таксама вельмі важна разумець якасць цяперашніх даўгоў, бо старыя запазычанні ўзяты пад больш выгадныя ўмовы, чым нам зараз прапануе Расія.

Вывучаючы структуру доўгу, можна адзначыць, што з $41 млрд $18,8 млрд складаюць запазычанні дзяржавы, банкі завінаваціліся $7,2 млрд, бізнес – $13,3 млрд, яшчэ $2,2 млрд – гэта прамыя інвестыцыі ў выглядзе міжфірменнага крэдытавання.

Таксама можам убачыць, што Беларусь, як дзяржава, займала раней і працягвае займаць цяпер на доўгі тэрмін. А вось бізнэс арыентаваўся на кароткатэрміновыя пазыкі. Паглядзеўшы на дыяграму, мы ўбачым, як суадносяцца даўгі па часе, праз які іх давядзецца аддаваць. Умоўна слупкі можна падзяліць так: з левага боку больш за тых, што ўзяў бізнэс, з правага – тых, што ўзяла дзяржава. Напрыклад, даўгі, аддаваць якія давядзецца праз 5 гадоў, у дзяржавы набраныя на $7,2 млрд, а ў бізнесу – на $1,6 млрд.

Бліжэйшыя гады для Беларусі стануць з пункту гледжання вяртання даўгоў вельмі непрыемнымі. Нават у межах аднаго года давядзецца аддаваць дастаткова шмат ($12,9 млрд), а калі паглядзець на больш аддаленую перспектыву, там усё яшчэ маркотней. Ёсць верагоднасць, што ўрад працягне заяўляць, што даўгі ён прызнае, але не мае магчымасці плаціць па іх у цвёрдай валюце.

вх