Беларуская Служба

Беларускі ПЭН апублікаваў аналітычны дакумент пра рэпрэсіі ў сферы культуры ў 2022 годзе

07.03.2023 15:12
Сярод палітычных зняволеных цяпер не менш чым 108 дзеячаў культуры, і іх колькасць пастаянна расце, як і колькасць несправядлівых судовых прысудаў.
.
..

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў у сферы культуры ў 2022 годзе. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

ПЭН ва ўступе адзначае, што Беларусь знаходзіцца ў стане палітычнага крызісу: фальсіфікацыя 9 жніўня 2020 года вынікаў выбараў прэзідэнта прывяла да самай масавай за ўсю гісторыю незалежнай краіны хвалі пратэстаў і далейшага пераследу іх удзельнікаў. Узровень рэпрэсій супраць дзеячаў культуры беспрэцэдэнтна высокі.

Сярод палітычных зняволеных цяпер не менш чым 108 дзеячаў культуры, і іх колькасць пастаянна расце, як і колькасць несправядлівых судовых прысудаў. Дзясяткі і сотні дзеячаў культуры прайшлі праз затрыманні і арышты, допыты і суды, ператрусы і штрафы, калоніі і турмы, многім давялося пакінуць Беларусь.

У дзяржаўных установах працягнуліся палітычна матываваныя звальненні, прымусова ліквідаваны дзясяткі грамадскіх арганізацый культурнай накіраванасці, зачыняліся клубы і арт-прасторы, незалежныя выдавецтвы пазбаўляліся ліцэнзій. Задушэнне іншадумства і свабоды слова, цэнзура і стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, дыскрымінацыя беларускай – мовы тытульнай нацыі, скажэнне гісторыі і пераслед нацыянальных меншасцяў – умовы існавання культуры ў Беларусі 2022 года. Самацэнзура і ананімнасць унутры краіны, перанос прадуктаў беларускай культуры за мяжу – спробы яе захавання і выжывання.

Усяго за 2022 год ПЭН зафіксаваў 1390 сітуацый парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх:

1004 парушэнні ў дачыненні да 518 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;
217 парушэнняў у дачыненні да 185 культурных арганізацый і супольнасцяў;
113 парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны або беларускай мовы;
у агульны ўлік звестак таксама ўключаны 56 матэрыялаў, якія змяшчаюць кантэнт на культурную тэматыку (сайты, YouTube-каналы, артыкулы, кліпы, кнігі) або тычацца дзеячаў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках), уключаных Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у спіс экстрэмісцкіх.

Пазнаёміцца з дакументам можна тут.