Беларуская Служба

Вярхоўны суд ліквідаваў віцебскае аб'яднанне алерголагаў і імунолагаў

14.03.2023 15:02
Асацыяцыя абʼядноўвала на добраахвотных пачатках беларускіх алерголагаў і імунолагаў.
Ілюстрацыйны здымакфота: ilikeyellow/shutterstock

Вярхоўны суд 6 сакавіка 2023 года прыняў рашэнне ліквідаваць Беларускую грамадскую арганізацыю «Асацыяцыя алерголагаў і клінічных імунолагаў». Ініцыятарам выступіла ўпраўленне па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Офіс арганізацыі знаходзіўся ў Віцебску і асноўнымі заснавальнікамі і сябрамі зʼяўляліся работнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Асацыяцыя была заснавана ў 1998 годзе.

З 2013 года асацыяцыя зʼяўляецца ўдзельнікам Сусветнай арганізацыі па барацьбе з алергіяй (WAO). Асноўнымі мэтамі беларускай арганізацыі былі: распрацоўка новых метадаў дыягностыкі і лекавання алергічных і
імунапаталагічных захворванняў, паляпшэнне арганізацыі і развіцця алергалагічнай і імуналагічнай службы ў розных рэгіёнах Беларусі, дасканаленне ведаў лекараў, папулярызацыя дасягненняў медычнай навукі
ў вобласці імуналогіі, алергалогіі і сумежных галін навукі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск