Беларуская Служба

У Беларусі адбыліся масавыя затрыманні сярод псіхолагаў і псіхіятраў

14.03.2023 17:28
Падчас допытаў ад псіхолагаў і псіхіятраў патрабуюць парушыць закон аб медычнай таямніцы і дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў.
.
.DarkoStojanovic/pixabay.com/CC0 Public Domain

14 сакавіка пра затрыманні паведаміў тэлеграм-канал «Белые халаты». Па звестках, на якія спасылаецца канал, былі затрыманыя не менш за 20 спецыялістаў.

«Белые халаты» пішуць, што падчас допытаў ад псіхолагаў і псіхіятраў патрабуюць парушыць закон аб медычнай таямніцы і дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі да іх на прыём.

Радыё «Свабода» інфармацыю пра затрыманні пацвердзілі адразу з некалькіх крыніц. Дакладна вядома пра затрыманне некалькіх спецыялістаў. Прычына затрымання невядомая. Некаторых псіхолагаў адпусцілі адразу пасля затрымання, іншых працягваюць утрымліваць пад вартай.

Большасць арыштаў адбыліся ў Мінску. Таксама вядома пра затрыманне беларускі, якая працуе псіхатэрапеўтам у адным з абласных цэнтраў. Гэта здарылася яшчэ 10 сакавіка.

«Затрымалі на працы. Яна была вельмі асцярожная, і дакладна магу сказаць, што не мела аніякіх падпісак на «экстрэмісцкія« каналы. Можа, адзіная з зачэпак, што пасля пачатку расейскай агрэсіі яна выстаўляла ў сацыяльных сетках сцяг Украіны», – расказала крыніца, абазнаная ў сітуацыі.

Псіхатэрапеўтку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Удалося даведацца, што ў камерах, як мужчынскіх, так і жаночых, былі спрэс «экстрэмісты«. Для іх не прымалі ніякіх перадач, у тым ліку сродкаў гігіены. Калі чалавеку трэба ў прыбіральню, то ён мусіць прасіць у канвойнага шматок туалетнай паперы. Гэта такая практыка, каб максімальна прынізіць чалавека. Людзі сядзяць без мыла, зубных шчотак, пасты. У іх няма матрацаў, падушак, бялізны. Праз кожныя дзве гадзіны – «праверка«, трэба назваць імя, прозвішча, адміністрацыйны артыкул. Ноччу не даюць спаць, перакідаюць з камеры ў камеру», – расказала крыніца.

Што тычыцца затрыманай псіхатэрапеўткі, то крыніца паведаміла, што міліцыянты самі падпісалі яе на «экстрэмісцкія» каналы, бо не знайшлі ў тэлефоне аніякага «кампрамату». Судзілі яе за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях), далі 15 сутак арышту.

нг

Вярхоўны суд ліквідаваў віцебскае аб'яднанне алерголагаў і імунолагаў

14.03.2023 15:02
Асацыяцыя абʼядноўвала на добраахвотных пачатках беларускіх алерголагаў і імунолагаў.