Беларуская Служба

Затрыманыя супрацоўнікі газеты «Інфа-Кур’ер» у Слуцку i галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты»

15.03.2023 12:17
Наезд на незалежных журналістаў працягваецца.
  -
Лагатып газеты «Інфа-Кур’ер» Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

У рэдакцыі газеты «Інфа-Кур’ер» у Слуцку прайшоў ператрус, затрыманыя супрацоўнікі.

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, раніцай 15 сакавіка ў рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Інфа-Кур’ер» сілавікі правялі ператрус. Ва ўсіх прысутных былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні.

Па інфармацыі БАЖ трое супрацоўнікаў рэдакцыі затрыманыя. Таксама няма сувязі з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем Станкевічам.

БАЖ стала вядома, што ператрус сёння раніцай таксама адбыўся ў Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча.

З Аляксандрам Манцэвічам і яго жонкай Нінай Манцэвіч знікла сувязь. Дзе яны цяпер, невядома.

«Рэгіянальная газета» – вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе ўлады прызналі матэрыялы сайта выдання «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з таго часу выданне выходзіць у сацыяльных сетках.

яс