Беларуская Служба

У цэнтры Мінска камуністы разбурылі крыж у памяць пра закатаванага нацыстамі святара

07.07.2023 12:08
У гады вайны ксёндз выступаў супраць нацызму і быў забіты ў канцлагеры ў Трасцянцы, аднак гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава, якая паведаміла пра знішчэнне крыжа, назвала «нацыстам» яго самога.
Siedziba KGB w Mińsku
Siedziba KGB w Mińsku Shutterstock / acidmit

Члены Камуністычнай партыі разбурылі крыж каля мінскага касцёла Святога Роха, усталяваны ў памяць аб каталіцкім святары Вінцэнце Гадлеўскім. У гады вайны ксёндз выступаў супраць нацызму і быў забіты ў канцлагеры ў Трасцянцы, аднак гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава, якая паведаміла пра знішчэнне крыжа, назвала «нацыстам» яго самога, піша «Зеркало».

Бондарава паведаміла, што крыж быў разбураны «намаганнямі Камуністычнай партыі Беларусі», і падзякавала ўсім, хто ў гэтым удзельнічаў, за «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму». «Нацыстам» яна назвала і самога Вінцэнта Гадлеўскага, у памяць аб якім стаяў крыж.

Вінцэнт Гадлеўскі родам з-пад Ваўкавыска, ён быў адным з першых святароў, якія пачалі праводзіць службы на беларускай мове. У 20-я гады мінулага стагоддзя ксяндза двойчы арыштоўвалі польскія ўлады, ён быў абвінавачаны ў распаўсюдзе «рэвалюцыйнага вучэння» і асуджаны да двух гадоў турмы. Знаходзячыся ў зняволенні, ксёндз напісаў адзіны ў той час беларускі падручнік па гісторыі ранняга хрысціянства.

У гады вайны Гадлеўскі быў пробашчам Чырвонага касцёла і адзіным ва ўсім горадзе беларускім каталіцкім святаром. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён стаў адным з арганізатараў беларускага антынацысцкага руху і стварыў па ўсёй краіне цэлую сетку беларускамоўных школ.

24 снежня 1942 года Гадлеўскі быў арыштаваны проста ў Чырвоным касцёле, дастаўлены ў гестапа і падвергнуты катаванням без суда. Загінуў у лагеры смерці каля вёскі Малы Трасцянец.

Там жа, у Трасцянцы, у 2008 годзе быў усталяваны крыж у памяць пра ксяндза. Гэтую акцыю ініцыяваў краязнавец і навуковец Анатоль Белы.

Пры ўпарадкаванні тэрыторыі крыж дасталі з зямлі і перадалі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. У 2019 годзе крыж блаславіў вікарны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

эж