Беларуская Служба

Польскія палітыкі падзеленыя ў справе перасялення мігрантаў

07.07.2023 15:24
Польскі ўрад зладзіў сустрэчу з прадстаўнікамі парламенцкіх клубаў і колаў, каб абмеркаваць пытанне новага міграцыйнага механізму Еўрасаюза. 
-    -
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі і віцэ-спікер Сэнату Марэк Пэнк на сустрэчы са старшынямі парламенцкіх фракцый на тэму нелегальна міграцыіPAP/Marcin Obara

У Польшчы працягваецца дыскусія на тэму еўрапейскага механізма пераразмеркавання ўцекачоў/мігрантаў.  У сярэдзіне чэрвеня Сейм прыняў рэзалюцыю, у якой выступіў супраць новага механізму ЕС, дамагаючыся ад урада рашуча выступіць супраць новаўвядзення. Лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі заявіў, што пытанне пераразмеркавання мігрантаў у Еўрасаюзе будзе прадметам рэферэндуму ў Польшчы.

Польскі ўрад зладзіў сустрэчу з прадстаўнікамі парламенцкіх фракцый, каб абмеркаваць пытанне міграцыйнага пакета ЕС. Механізм пераразмеркавання мігрантаў паміж краінамі ЕС прадугледжвае, што кожная краіна абавязаная прыняць узгодненую колькасць мігрантаў, тыя, хто не пагодзяцца, павінны будуць заплаціць 22 тысячы еўра за чалавека. Польшча і Венгрыя крытыкуюць гэтыя палажэнні і падкрэсліваюць, што ўводзіцца механізм прымусовага пераразмеркавання, замест дабравольнага, як было раней.

Прэсавы сакратар ураду Пётр Мюлер заявіў, што ў гэтым пытанні неабходная адзіная пазіцыя.

- Мы сутыкнуліся цяпер з прапановай еўрапейскіх устаноў, якая прадугледжвае прымусовы механізм пераразмеркавання. Адмова прымаць будзе азначаць фінансавы штраф. Мы лічым, што гэта перавышае кампетэнцыі ЕС, мы хочам выпрацаваць супольную пазіцыю ўсіх палітычных сіл. Гэта ж тычыцца рэферэндуму, каб мець пазіцыю польскіх грамадзян. Тым больш, што ў нас большая частка працуючых у нас замежнікаў з двух дзяржаў: Украіны ды Беларусі. Гэтыя людзі – украінцы ды беларусы - ратуюць нашу эканоміку, культурна яны нам блізкія, няма ніякіх праблем з іх сацыяльнай інтэграцыяй, яны працуюць легальна, на падставе дазволаў.

Еўрадэпутат ад «Права і справядлівасці» Беата Шыдла заявіла, што рашэнні, якія патрабуюць прыёму мігрантаў, падрываюць еўрапейскую салідарнасць.

- Цяжка гэта назваць салідарнасцю, гэта спроба змусіць прыняць рашэнне, якое наносіць шкоду асобным еўрапейскім краінам. Гэтым яны разбураюць еўрапейскую салідарнасць. Гэта не дапаможа людзям, якія шукаюць ратунку. Цяжка змусіць кагосьці жыць там, дзе ён не хоча. Гэта кепская ідэя. Таму цяпер, калі я чую выказванні спадарыні Еўракамісар, якая падае супярэчлівую інфармацыю, я разумею, што мы маем дачынення з людзьмі, якія не ведаюць, што рабіць, і якія маштабныя праблемы яны рыхтуюць Еўропе.

Бэата Шыдла падкрэсліла, што Польшча прыняла мільёны ўцекачоў з Украіны. Яна дадала, што дзеянні з боку Бруселя ў гэтым пытанні цяжка назваць падтрымкай.

Польскі ўрад запрапанаваў прадстаўнікам парламенцкіх фракцый падтрымаць «Пакт бяспечных межаў для Еўрасаюза». Найважнейшы пункт у ім — гэта непрыняцце  прымусовага міграцыйнаму пакту ЕС. Віцэ-маршалак Сэнату Марэк Пэнк звярнуўся да дэпутатаў  з заклікам падтрымаць урад у гэтай справе.

- Прэм'ер Польшчы выступіў з прапановай да ўсіх палітычных сіл, каб мы ў дадзеным пытанні выступалі з адзінай пазіцыяй. Гэта значыць, што мы павінны выступіць супраць прапанаванаму механізму, які прынясе шкоду Польшчы ды ўсёй Еўропе. Новы інструмент проста паўтарае кепскія вырашэнні з папярэдніх гадоў.

Аднак у польскім парламенце няма адзінства па дадзеным пытанні. Лідар руху “Наўпростая дэмакратыя Kukiz'15” Павал Кукіз падкрэсліў, што выступае за магчымасць легальнага прывозу працоўных у нашу краіну.

- Я не выступаю супраць прыезду людзей з арабскіх ці мусульманскіх краін у Польшчу. Ідзецца пра спецыялістаў: лекараў, інжынераў, якія будуць прыязджаць сюды працаваць, а не дзеля таго, каб не працаваць у сябе ў краіне, а тут жыць на сацыяльныя трансферы, альбо ў якасці транзітнай зоны па дарозе ў Германію.   

Таксама кіраўнік фракцыі «Левых сіл» Кшыштаф Гаўкоўскі, паведаміў, што яго партыя не падтрымлівае супраціў механізму пераразмеркавання.

- Мы не супраць прымусовага пераразмеркавання мігрантаў. Дарэчы, падобнае стаўленне мае Еўрапейская камісія, якая ўчора паведаміла, што Польшча прадэманстравала салідарнасць, прымаючы тысячы ўцекачоў з Украіны.

Тады як кіраўнік руху «Канфедэрацыя» Кшыштаф Босак заявіў, што яго група рашуча адхіляе міграцыйны пакт ЕС.

- Гэтыя прапановы супярэчаць папярэднім высновам Еўрапейскай рады, гэта супярэчыць Канстытуцыйнаму трактату ЕС, дзе ў пытаннях міграцыі дзяржавы маюць самастойнасць, гэта супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам. Наша пазіцыя адназначная – гэты механізм трэба заблакаваць.

Старшыя Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што выступае супраць прымусовага перасялення ўцекачоў, звярнуўшы ўвагу на тое, што Польшча прыняла шмат уцекачоў з Украіны.

- Ніхто не можа не заўважаць паўтары мільёна украінцаў, якіх прыняла Польшча. Польскі ўрад павінен звярнуцца да Еўракамісіі па фінансаванне побыту украінцаў у Польшчы. Мы плацім з нашых падаткаў на дапамогу украінцам, на медыцыну ды іншыя сацыяльныя трансферы. Я лічу, што Еўрасаюз павінен пакрыць частку гэтых выдаткаў польскіх гмін, НДА ды прадпрымальнікаў.

У Польшча заўважнай тэмай публічнай дыскусіі стала пытанне прыняцця мігрантаў з іншых краін ЕС. Гэтага дамагаюцца дзяржавы з Поўдня Еўрасаюза, якія штогод вымушаныя прымаць дзясяткі тысяч нелегальных мігрантаў з Афрыкі ды Блізкага Усходу. У адказ на патрабаванні дапамогі Еўрасаюз запрапанаваў абавязковы механізм пераразмеркавання мігрантаў паміж усімі краінамі ЕС. Польшчы выступае супраць абавязковасці дадзенай меры, аргументуючы тым, што прыняла мноства ўцекачоў з Украіны. Пры гэтым частка польскіх палітыкаў выступаюць у падтрымку дадзенага механізма ў імя еўрапейскай салідарнасці.

Юры Ліхтаровіч