Беларуская Служба

Ордэнам «За мужнасць» Украінцы ўзнагароджаны яшчэ адзін беларус – Данііл Ляшук

16.08.2023 09:01
Раней паведамлялася пра ўзнагароджанне ордэнам «За мужнасць» ІІІ ступені беларуса Эдуарда Лобава.
Данііл Ляшук nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны падпісаў указ аб ганараванні ўкраінскіх вайскоўцаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. Узнагароды атрымаюць некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку пасмяротна. Сярод іх беларусы: Эдуард Лобаў і Данііл Ляшук з пазыўным «Маджахед», паведамляе «Наша Ніва».

Абодва яны ўзнагароджаны «За мужнасць» ІІІ ступені, то бок «за асабістую мужнасць, праяўленую ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, самаадданае выкананне вайсковага абавязку».

Данііл Ляшук – грамадзянін Беларусі, родам з Берасця, ён прыехаў ва Украіну на пачатку расійскай агрэсіі ў 2014 годзе і ўступіў у новасфармаваны тады батальён «Тарнада».

Праўда, рэпутацыя ў яго, як і ўвогуле ў гэтага падраздзялення, была не надта добрая. У 2015 годзе Генеральная пракуратура Украіны вызначыла, што байцы «Тарнада» ў Луганскай вобласці выкрадалі людзей, гвалтавалі, забівалі, а таксама марадзёрствавалі. Роту расфармавалі, а 12 чалавек, у тым ліку і Ляшук, былі асуджаныя. У красавіку 2017-га беларус быў асуджаны да 10-ці гадоў турмы, але выйшаў на волю датэрмінова ў 2021-м.

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, Данііл Ляшук «Маджахед» зноў трапіў на фронт. Да сваёй гібелі ў сакавіку гэтага года пад Бахмутам баец паспеў атрымаць раненне, калі дастаўляў у сваё падраздзяленне захопленага ў палон расійскага вайскоўца.

аз

Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава

15.08.2023 11:49
Беларус ваяваў за свабоду Украіны з 2015 года.