Беларуская Служба

Беларускія цыгарэты рэзка падаражэюць з 1 кастрычніка

28.09.2023 12:15
Рэзкае падаражэнне цэн на цыгарэты звязанае з тым, што беларускія акцызныя стаўкі падымаюць да ўзроўню расійскіх – у рамках інтэграцыі «Саюзнай дзяржавы».
Цыгарэтыgeralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

1 кастрычніка ў Беларусі чарговы раз падаражэюць цыгарэты. Гэтым разам цэны на айчынныя маркі павысяцца не на 5-10 капеек, як раней, а адразу на 35-50, вынікае з табліцы Міністэрства падаткаў і збораў.

Сярод прадукцыі гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» даражэйшымі на 40 капеек стануць цыгарэты «Мінск», «Фэст», некаторыя віды «Dove». Цыгарэты маркі «NZ» падаражэюць на 45 капеек. Напрыклад, пачка «NZ Safari Pride» будзе каштаваць 4,45 рубля – на 5 капеек даражэй за імпартныя «Lucky Strike». На 30 капеек падаражэюць «Rothmans». Цэны на цыгарэты «Pall Mall» павысяцца на 5-10 капеек, на «Kent» – на 5-20 капеек.

Сярод прадукцыі кампаніі «Тытунь-Інвест» папулярныя цыгарэты «Карона» падаражэюць на 50 капеек і будуць каштаваць амаль 4 рублі. Больш за 3 рублі будзе каштаваць «Форт».

Упершыню падаражэюць «Lucky Strike» – да 4,70 рубля.

У кампаніі «Беларусьгандаль» з вядомых марак падаражэе толькі «CHAPMAN» – на 30 капеек.

Рэзкае падаражэнне цэн на цыгарэты звязанае з тым, што беларускія акцызныя стаўкі падымаюць да ўзроўню расійскіх – у рамках інтэграцыі «Саюзнай дзяржавы».

У наступным годзе падаражэнне чакае і імпартныя цыгарэты. Мяркуецца, што канчаткова стаўкі зраўняюцца ў 2028 годзе, паведамляе «Еўрарадыё».