Беларуская Служба

Польская ўрадавая міграцыйная група ацэньвае магчымасць вяртання цягнікоў у Беларусь

09.02.2024 15:08
Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь не ходзяць ужо чатыры гады.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/652234

Гэта вынік выканання пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якая дзейнічае з моманту ўспышкі пандэміі каранавіруса да цяперашняга часу. Міжведамасная група польскага ўраду, якая аналізуе нацыянальную міграцыйную палітыку, абмяркоўвае магчымыя змены ў гэтай сферы, чытаем на сайце rynek-kolejowy.pl.

У сакавіку 2020 года на чыгуначных памежных пераходах у Тэрэспалі і Кузніцы Беластоцкай спыніўся пасажырапаток. З пачаткам пандэміі каранавіруса былі ўведзены прававыя рашэнні для прадухілення распаўсюджвання COVID-19. Абмежаванні на чыгуначныя перавозкі з Польшчы ў Беларусь дзейнічаюць і сёння, а папярэдні ўрад абгрунтоўваў іх магчымасцю выкарыстання злучэнняў для аказання міграцыйнага ціску на Польшчу.

Рэгламент захоўваўся і пасля змены польскіх улад. Аднак новы ўрад анансуе аналіз існуючых рашэнняў, якія дазволяць выпрацаваць эфектыўную міграцыйную палітыку. Згодна з дэкларацыяй, гэта павінна стаць адным з прыярытэтаў міністра ўнутраных спраў. – Прыпыненне пасажырскіх чыгуначных перавозак на мяжы з Беларуссю – гэта наступства больш шырокай праблемы. У цяперашняй сітуацыі існуючай пагрозы штучнага міграцыйнага ціску ўсе прымаемыя дзеянні патрабуюць комплекснага падыходу, каб адно рашэнне або прававы акт не спарадзіў праблемы ў іншых сферах, – адзначае МУС.

У студзені аднавіла працу міжведамасная група па справах міграцыі, якая павінна распрацаваць новую ўрадавую стратэгію адносна рэакцыі дзяржавы на міграцыйныя працэсы і знаходжанне замежнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. – Яе першае пасяджэнне адбудзецца 7 лютага, – паведамляе прэс-служба міністра. У тэматычную сферу работы органа ўвойдуць, у тым ліку: распрацоўка змяненняў у нарматыўных актах, у тым ліку магчымая папраўка да пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі аб прыпыненні руху транспарту на польска-беларускіх памежных пераходах.

Ці было прынята нейкае рашэнне пакуль невядома.

ав/rynek-kolejowy.pl

Літва зноў узняла пытанне пра закрыццё пераходаў на мяжы з Беларуссю

06.02.2024 21:07
Канчатковае рашэнне па гэтых прапановах прыме ўрад Літвы.

Гітанас Наўседа пра сітуацыю на мяжы з Беларуссю: Жалезная заслона ўжо апусцілася 

09.02.2024 08:34
Літоўская камісія па нацыянальнай бяспецы ў аўторак прапанавала закрыць для перамяшчэння тавараў, транспарту і людзей пункты пропуску «Лаварышкес» і «Райгардас» (з беларускага боку «Катлоўка» і «Прывалка»).