Беларуская Служба

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі

07.07.2025 12:00
Сям’я Завадскага лічыць, што прычынай быў фільм пра вайну ў Чачэніі.
Дзмітрый ЗавадскіАвторство: Белорусский партизан. http://www.belaruspartisan.org/politic/272493/, Добросовестное использование, https://ru.wikipedia.org/w/index.php?curid=6744489

Дзмітрый Завадскі, беларускі журналіст, супрацоўнік Грамадскай расійскай тэлевізіі (ОРТ, цяпер – Першы канал) знік 7 ліпеня 2000 году, на той момант яму было 27 гадоў, нагадвае «Свабода».

Раніцай таго дня Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Мінск сустракаць Паўла Шарамета, карэспандэнта ОРТ па Беларусі, які прылятаў з Масквы. Машыну знайшлі на стаянцы аэрапорту з павыціранымі адбіткамі пальцаў, Змітра ў ёй не было. З тых часоў Завадскага больш ніхто ня бачыў.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік засуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі ў гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ў іншых злачынствах і засудзілі аднаго на 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, другога на 12 гадоў строгага рэжыму.

Афіцыйныя версія – забойства з помсты за інтэрв’ю Завадскага «БДГ», у якім ён згадаў пра беларускіх наёмнікаў. Сям’я лічыць, што прычынай быў фільм пра вайну ў Чачэніі.

27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінску прызнаў Завадскага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена.

У сакавіку 2004 году пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «у сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы». У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпыненае.

У 2019 годзе ўдава Завадскага Святлана звярнулася ў Следчы камітэт Беларусі з просьбай дапытаць у якасці сведак асобаў, прозвішчы якіх назваў у інтэрв'ю DW экс-баец беларускага САХР Юры Гараўскі. Гараўскі прызнаўся ва ўдзеле ў палітычных забойствах грамадскіх дзеячаў і палітыкаў Беларусі і назваў прозвішчы іншых выканаўцаў злачынстваў.

У студзені 2020 года ўдава Завадскага атрымала афіцыйны адказ Следчага камітэта з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расследаванне ў справе выкрадзенага аператара.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага «эскадрон смерці». Сярод датычных да выкраданняў згадваліся былы дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман, былыя кіраўнікі МУС Уладзімер Навумаў і Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. З гэтай прычыны ім быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза і санкцыі адносна іх ніколі не скасоўваліся.

аз