Беларуская Служба

Foreign Policy: Дзяржсакратар ЗША Пампеа плануе наведаць Беларусь у студзені

27.12.2019 13:27
Дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан апошні раз пабываў у Мінску 29 жніўня.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Майк Пампеа плануе наведаць Беларусь у студзені 2020 года, паведаміў БелаПАН са спасылкай на амерыканскі часопіс Foreign Policy.

Выданне нагадала, што ў 2019 годзе ў Мінск прылятаў колішні дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан.

„Дзяржсакратар Майк Пампеа, як чакаецца, пяройме яго прыклад і ў студзені накіруецца ў Мінск. Беларусь, якую называюць „апошняй дыктатурай Еўропы”, выслала пасла ЗША ў 2008 годзе пасля таго, як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэнні правоў чалавека. Але цяпер чакаецца, што Злучаныя Штаты адновяць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, даслаўшы пасла ў Мінск упершыню за больш чым дзесяцігоддзе — нават нягледзячы на тое, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе падпарадкаваць яе”, — адзначае Foreign Policy.

„Паколькі сувязі паміж Захадам і Расіяй знаходзяцца ў найгоршай кропцы пасля заканчэння халоднай вайны, адміністрацыя Трампа наладжвае больш цесныя сувязі з адной з апошніх краін, якія цалкам знаходзяцца на арбіце Масквы”, — канстатуе амерыканскае выданне.

Дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан 29 жніўня правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску. Замест запланаваных 45 хвілін Лукашэнка і Болтан размаўлялі больш за дзве з паловай гадзіны. Пасля заканчэння перамоў у пашыраным складзе яны перайшлі ў працоўны кабінет Лукашэнкі, дзе сам-насам гаварылі больш за паўгадзіны. Па выніках перамоў Болтан заявіў, што на сустрэчы не прынята канкрэтных рашэнняў, але дыскусія важная для далейшай працы.

аз