Андрэй Аляксандраў – палітычны вязень, за кратамі ён ужо амаль паўтара года. Сёння пачаўся суд над ім і яшчэ трыма фігурантамі «справы інфармагенства БелаПАН». Андрэя абвінавачваюць у стварэнні і кіраўніцтве экстрэмістскім фармаваннем.
Андрэя Аляксандрава абвінавацілі ў рыхтаванні ў перыяд з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш чым 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такім рыхтаваннем пракуратура палічыла аплату штрафаў і паслугаў адвакатаў затрыманым падчас акцыяў пратэсту ўлетку і ўвосень 2020 года. МУС сцвярджае, што Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў і такім чынам разам з дзяўчынай Ірынай Злобінай перадаў ад фонду «By_Help» рэпрэсаваным 4 млн долараў. Гэта было кваліфікаванае як здрада дзяржаве.
«Я не вызнаю сябе вінаватым у тым, што мне інкрымінуюць. На суд еду без залішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем. Нарэшце пабачу дарагіх мне людзей, шкада, вядома, што пабачу іх на лаве падсудных, але гэта цяпер папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся», – з запіскі Андрэя Аляксандрава з-за кратаў, якую ён прасіў апублікаваць у дзень суда.
У 2016 годзе ўкраінскі гурт «Колір» запісаў песню на словы Андрэя Аляксандрава «Пакіньце мне права застацца сабой».
яс